Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сёньня


У судзе Чыгуначнага раёну Гомелю разглядалася адміністрацыйная справа рабочага заводу «Электраапаратура», старшыні гарадзкое суполкі БНФ Анатоля Паплаўнага пра яшчэ толькі намер байкатаваць выбары.

Анатоль Паплаўны яшчэ не пасьпеў зрабіць нічога такога, што падпадае пад артыкул 167, частку 3 Адміністрацыйнага кодексу. Менавіта гэты артыкул (у адрозьненьне ад Выбарчага кодексу) прадугледжвае адказнасьць за «публічныя заклікі да байкатаваньня выбараў».

Анатоля Паплаўнага затрымалі, калі ён вёз у багажніку свайго аўтамабіля шэсьць стосаў газэты «Рабочы» — агулам 12 тысячаў асобнікаў. На скрыжаваньні вуліцаў Кірава й Перамога, калі Анатоль спыніўся на чырвоны знак сьветлафора, да яго аўтамашыны падбеглі міліцыянты Станіслаў Навуменка й Віктар Цароў. Яны сачылі за спадаром Паплаўным ад дому старшыні аб’яднаньня «Грамадзянскія ініцыятывы» Віктара Карніенкі.

У судзе малодшы лейтэнант Цароў патлумачыў, што ня ведаў за якое парушэньне затрымлівае Анатоля Паплаўнага. 12 тысячаў асобнікаў спэцвыпуску газэты «Рабочы» з заклікам байкатаваць выбары ў гэтак званы парлямэнт — “Палату прадстаўнікоў” — былі забраныя з багажніка аўтамабіля ўжо ў пастарунку. Тут жа, у пастарунку, правялі і дагляд асабістых рэчаў Паплаўнага, прычым бязь сьведак. Выявілі, апроч пашпарту й пасьведчаньня ліквідатара Чарнобыльскае катастрофы, і 5 наклеек з надпісам «Байкот-2000».

Матэрыялы адносна затрыманьня Анатоля Паплаўнага начальнік міліцыі палкоўнік Адзіночанка даслаў на імя кіраўніка адміністрацыі чыгуначнага раёну Васіля Мацюка.

Супрацоўніца гэтай адміністрацыі, яна ж сакратарка Гомельскай Юбілейнай выбарчай акругі №33, Сьвятлана Голад склала пратакол пра парушэньне спадаром Паплаўным артыкулу 167, часткі трэцяй Адміністрацыйнага кодэксу. Указала, што Анатоль Паплаўны набыў 12 тысячаў асобнікаў газэты «Рабочы» з заклікам байкатаваць выбары, якія «намерваўся распаўсюджваць сярод выбаршчыкаў».

Судзьдзя Ганна Новік, нягледзячы на ўяўнасьць такога абвінавачваньня, стала на бок адміністрацыі Чыгуначнага раёну і аштрафавала спадара Паплаўнага на 10 тысячаў рублёў за намер заклікаць грамадзянаў да байкоту выбараў. Асобнікі газэты «Рабочы» сканфіскаваныя.

Сваё стаўленьне да выраку суда выказвае Анатоль Паплаўны: “Улада ніяк ня хоча даць магчымасьць грамадзянам выказваць сваю думку наконт удзелу і няўдзелу ў выбарах. Лічу, што гэта ў нейкай ступені не рашэньне суду, а рашэньне тых, хто кіраваў судзьдзёю”.

Да думкі спадара Паплаўнага можна дадаць і такі факт. Учора міліцыянтамі Цэнтральнага раённага аддзелу затрыманы трох маладых прадпрыймальнікаў з гораду Баранавічы, якія мелі пры сабе ўлёткі «Luka–STOP» і «Байкот–2000». Затрыманых паказвалі на нацыянальнай і мясцовай тэлевізіі за кратамі — як асабліва небясьпечных злачынцаў. Кіроўцу аўтамашыны, тым ня менш, міліцыянты адпусьцілі, а на Міколу Агародніка й Міколу Зялёнку склалі пратаколы пра распаўсюджваньне друкаванае прадукцыі, вырабленае з парушэньнем устаноўленага парадку.

Казімер Яноўскі, Гомель

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG