Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Сёньня


У Менску адбыўся справаздачна-выбарны зьезд працаўнікоў нафтавае ды газавае прамысловасьці. Дэлегаты ўхвалілі намаганьні Фэдэрацыі прафсаюзаў у зьмене сацыяльна-эканамічнае палітыкі ўладаў.

Працаўнікі нафтагазавага комплексу Беларусі атрымліваюць на сёньняшні дзень самыя высокія ў краіне заробкі. Іхная заробкавая плата, паводле агучанае на зьезьдзе статыстыкі, у 2 разы перавышае заробкі настаўнікаў і мэдыкаў і ў 3 разы вышэйшая за заробкі вяскоўцаў. Тым ня менш, дэлегаты аднадушна падтрымалі пазыцыю Фэдэрацыі прафсаюзаў, накіраваную на перагляд цяперашняга сацыяльна-эканамічнага курсу.

Лідэр 30-тысячнага прафсаюзу нафтагазпраму Юры Роўда гэтую падтрымку пракамэнтаваў наступным чынам:

“Мы як сябра Фэдэрацыі, выконваючы ейны й наш уласны статут, падтрымліваем пачын Уладзімера Ганчарыка ў карэктаваньні сацыяльна-эканамічнага курсу. Прафсаюзы павінны быць салідарнымі. І ня толькі ў сьвеце, а і ў нас у Беларусі. І хаця нашая галіна жыве адносна няблага, ёсьць сфэры, напрыклад, у прамысловасьці, дзе заробкі вельмі нізкія. Таму мы салідарныя зь дзеяньнямі Фэдэрацыі, якая лічыць такое становішча непрымальным. Што тычыцца самога нафтагазавага комплексу, дык і ў ім шмат унутраных праблемаў. З прычыны неплацяжоў затрымліваюцца заробкі. Па-другое, нельга забывацца, што дабрабыт нашае галіны ў вялікай ступені залежыць ад расейскіх энэрганосьбітаў. А на сёньняшні дзень, як вы чулі ў нашым дакладзе, мы вялікія грошы завінаваціліся Расеі”, — паведаміў Юры Роўда.

Сапраўды, беларускі нафтагазавы комплекс зараз знаходзіцца ў вялікай залежнасьці ад паставак расейскіх энэрганосьбітаў. Нягледзячы на інтэграцыю з Масквою, кошт нафты для Беларусі за апошні год павялічыўся ўтрая. І, паводле апошніх зьвестак, працягвае расьці. Мяркуецца, што падаражаньне нафты запатрабуе ад беларускіх спажыўцоў дадатковае штомесячнае выплаты Расеі 30 мільёнаў даляраў.

Дарэчы, на сёньняшнім зьездзе прысутнічаў лідэр расейскага прафсаюзу працаўнікоў нафтагазавага комплексу Аляксандар Сяргееў. У інтэрвію нашаму радыё ён зазначыў:

“Мы за тое, каб аб’яднаць дзьве дзяржавы. Гэта — першае. Другое — ёсьць пэўныя моманты, зьвязаныя з транспартаваньнем газа праз тэрыторыю Ўкраіны. Тут маюць месца пэўныя цяжкасьці. У прыватнасьці, вялікая запазычанасьць Украіны перад Расеяй. Затым мае месца крадзёж газу з транзытнага газаводу. Таму сёньня ставіцца задача, каб перакінуць нашы газаводы празь Беларусь”, —паведаміў спадар Сяргееў.

Паводле ягоных словаў, намер пераарыентаваць экспарт расейскага газу з украінскіх на беларускія газаводы вынікае менавіта з прарасейскай пазыцыі беларускіх уладаў. А вось думку на гэты конт яшчэ аднаго госьця сёньняшняга зьезду, прэзыдэнта ўкраінскага прафсаюзу працаўнікоў нафтагазавага комплексу Аляксандра Попела:

“Нашыя газаводы дазваляюць перакачаць усю магчымую колькасьць расейскага газу ў Заходнюю Эўропу. Так што тут уключаецца палітыка. Я спадзяюся, што Беларусь не дазволіць уцягнуць сябе ў палітычныя гульні. Польшча сёньня адмовілася”, — зазначыў лідэр ураінскага прафсаюзу Аляксандар Попел.

Міхал Стэльмак, Менск

XS
SM
MD
LG