Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Сёньня


Прэзыдэнт Чэхіі Вацлаў Гавел адкрыў сёньня ў Празе штогадовую канфэрэнцыю Міжнароднага Валютнага Фонду і Усясьветнага Банку. Удзел у гэтай канфэрэнцыі бяруць прадстаўнікі больш за 180 краінаў сьвету. Спакойнай працы канфэрэнцыі спрабавалі, аднак, перашкодзіць тысячы праціўнікаў глябалізацыі, якія таксама зьехаліся з усяго сьвету. Наш карэспандэнт быў сёньня на праскіх вуліцах і на паседжаньні форуму…

Каб захаваць парадак у Прагу сьцягнута да 11 тысяч паліцыянтаў з усёй краіны. І як цяпер высвятляецца, падобныя надзвычайныя сродкі бяспекі былі празьмернымі. У Прагу каб выказаць свой пратэст супраць палітыкі МВФ і усясьветнага банку, паводле дадзеных чэскай паліцыі, прыехалі 6000 праціўнікаў глябалізацыі. І сур’ёзна перашкодзіць працы Усясьветнага форуму яны пакуль-што не змаглі. Хаця ўвесь час у Прагу прыбываюць новыя і новыя аўтобусы з дэманстрантамі.

Але форум толькі сёньня афіцыйна пачаў сваю працу, і шмат яшчэ можа здарыцца. Таму што некаторыя паведамленьні з праскіх вуліцаў сапраўды непакояць. Так, напрыклад, у раёне Нусельскага мосту дэманстранты кінулі ў бок паліцыі некалькі бутэляк з падпальнай вадкасьцю. Паліцыя ў адказ ужыла сьлезацёчны газ.

Сярод тых, хто прыехаў пратэставаць супраць палітыкі МВФ і Усясьветнага банку: італьянскія экалягісты і камуністы, прадстаўнікі нямецкіх зялёных, грэцкія камсамольцы, польскія анархісты, турэцкія камуністы, ангельскія грынпісаўцы, французкія антыглябалісты і прадстаўнікі шмат яшчэ якіх іншых леваэкстрэмісцкіх арганізацыяў.

Яны прыехалі ў Прагу каб выказаць свой пратэст супраць крэдытнай палітыкі МВФ, якая ня ў стане зьліквідаваць беднасьць на плянэце, супраць глябалізацыі, запазычанасьці бедных краінаў, супраць таго, што з кожным годам розьніца ўзроўню дабрабыту паміж беднымі і багатымі краінамі павялічваецца.

Пачаткова паліцыя заклікала дэманстрантаў мірна разыйсьціся і правесьці акцыі пратэсту ў дазволеным месцы. У адказ дэманстранты пачалі скандаваць свае лёзунгі “Наш сьвет не на продаж”, “Зьнішчым Міжнародны валютны фонд” і атакаваць паліцэйскі кардон:

(Выгукі на розных мовах і гукі бойкі)

Пазьней пачалася рэгулярная бітва паміж дэмантрантамі і паліцыяй, якая нагадвала хутчэй “хэпенінг”, чымся змаганьне паміж дзьвюма варожымі сіламі:

(Гукі сырэнаў, выгукі людзей, удары, лямант)

Між тым, паседжаньні Усясьветнага эканамічнага форуму праходзілі сёньня ў Празе без перашкодаў.

На іх выступілі Прэзыдэнт Усясьветнага банку Джэймс Вульфэнсан і выканаўчы дырэктар МВФ Хорст Кёхлер. Паводле словаў Вульфэнсана палітыка глябалізацыі павінна быць карыснай для разьвіцьця эканомікі усіх краінаў сьвету.

(Вульфэнсан:) “Мы ня ў стане павярнуць глябалізацыю назад. Наша заданьне зрабіць яе інструмэнтам адкрыцьця новых магчымасьцяў, а не крыніцай страху і небяспекі”.

Хорст Кёхлер у сваім выступленьні выказаў наступную думку:

(Кёхлер: ) “Я добра ведаю пра крытычную дыскусію, якая вядзецца ў справе глябалізацыі. Я падзяляю агульную трывогу ў некаторых справах. Але адначасна я хачу ясна сказаць: калі б Міжнароднага Валютнага Фонду не існавала, тады б менавіта цяпер яго трэба было неадкладна стварыць”.

Прыгадаю таксама, што адно з галоўных пытаньняў, якое абмяркоўваецца на Ўсясьветным форуме, – зьмяншэньне даўгоў 20 найбольш бедных краінаў сьвету. МВФ хоча скасаваць ім даўгі на суму 30 млрд. даляраў. Менавіта ў гэтыя гадзіны гэты плян абмяркоўваецца і сёньня-заўтра будзе зацьверджаны. Так, што пратэсты дэманстрантаў, якія пратэстуюць на праскіх вуліцах, трапляюць у пустку…

Дарэчы, у працах Усясьветнага эканамічнага форуму ўдзельнічае і дэлегацыя Беларусі, якая намагаецца аднаўленьня эканамічнай дапамогі і крэдытаў для Беларусі. Але гэтая дапамога выразна залежыць ад стану палітычнай сытуацыі ў Беларусі. Наўрад ці Міжнародны Валютны Фонд і Ўсясьветны Банк будуць дапамагаць выразна недэмакратычнаму рэжыму, які сёньня існуе ў Беларусі.

Мікола Івнаоў, Прага

XS
SM
MD
LG