Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Сёньня


У Беларусі зьявіўся новы міністар унутраных справаў. Ім стаў былы кіраўнік службы бясьпекі прэзыдэнта Ўладзімер Навумаў, які яшчэ раней кіраваў спэцгрупаю ў змаганьні з тэрарызмам “Алмаз”. Назіральнікі бачаць у прызначэньні Навумава прыкмету нязьменнасьці курсу на падтрыманьне парадку ў краіне выключна сілавымі захадамі.

Загад у прызначэньні Ўладзімера Навумава міністрам ўнутраных справаў быў падпісаны Аляксандрам Лукашэнкам пасьля амаль паўгодавых роздумаў пра тое, каго ж прызначаць галоўным міліцыянтам. З красавіка, калі нечакана быў зьняты былы прэзыдэнцкі фаварыт Юры Сівакоў, міліцыяй у ранзе выканаўцы абавязкаў міністра кіраваў адзін з намесьнікаў Сівакова, генэрал-маёр Міхал Удовікаў.

Пасьля адстаўкі Сівакова адныя казалі, што Ўдовікаў — пратэжэ дзяржсакратара Віктара Шэймана, які спрабуе такім чынам узмацніць свае пазыцыі ў атачэньні Лукашэнкі. Другія крыніцы называлі кандыдатуру генэрала непрахадной, часовай. Але ўсе сыходзіліся ў адным — у меркаваньні, што да кіраўніцтва міліцыяй павінен нарэшце прыйсьці сапраўдны прафэсіянал, які будзе займацца барацьбою са злачыннасьцю, а не гульнёю мускулаў.

Нагадаем, пасьля прафэсійнага міліцыянта Юрыя Захаранкі, зьнятага Лукашэнкам у 1995 годзе, міліцыяй кіравалі выключна выхадцы з войскаў. Спачатку Валянцін Агалец, які раней камандаваў унутранымі войскамі, а потым і ўвогуле былы танкіст Юры Сівакоў. У выніку пры Агальцы й Сівакове колькасьць службоўцаў унутраных войскаў ды розных спэцаддзелаў павялічылася ўдвая, але значна ўзрасла за гэты час і злачыннасьць.

І вось прыйшоў новы міністар. Ці ёсьць падставы спадзявацца, што нешта зьменіцца ў лепшы бок? Першае што варта адзначыць — чаканьні прафэсіяналаў бачыць на пасадзе міністра свайго калегу спраўдзіліся толькі часткова. Да ўчорашняга дня палкоўнік (а ад сёньня — генэрал-майор міліцыі) Ўладзімер Навумаў толькі фармальна можа лічыцца міліцыянтам. Ён сапраўды пачынаў кар’еру ў міліцыі, але хутка трапіў у спэцгрупу барацьбы з тэрарызмам, потым узначаліў гэтую элітную частку пад назваю “Алмаз”, а адтуль год таму быў забраны Лукашэнкам кіраваць службаю прэзыдэнцкай аховы.

За два апошнія гады “Алмаз”, якім кіраваў Навумаў, адзначыўся толькі двойчы. І кожны раз нэгатыўна. Летась “алмазаўцы” прымалі ўдзел ў “антытэрарыстычнай” апэрацыі супраць кандыдата ў прэзыдэнты Міхала Чыгіра. У выніку Чыгір на восем месяцаў трапіў за краты невядома за што. Другі гучны выпадак з ўдзелам службоўцаў з “Алмазу” адбыўся сёлета, на дзень міліцыі. Адзін з “алмазаўцаў” у п’яным стане ўсчаў перастрэлку ў канцэртнай залі “Менск”, забіўшы аднаго АМАПаўца і двох параніўшы.

Але Навумаў у той час ужо “Алмазам” не кіраваў і гэты сумны факт на ягоную кар’еру ўплыву ня меў. Тое, што менавіта яго цяпер прызначылі кіраўніком над усёй беларускай міліцыяй, назіральнікі зьвязваюць зь некалькімі асноўнымі фактарамі. Першае, Лукашэнка трымае ў міністрах толькі асабіста правераных адданых людзей. І відаць, Уладзімер Навумаў давёў, што будзе служыць Лукашэнку бездакорна, хаця грамадзкасьць пра нейкія подзьвігі Навумава пры ахове Лукашэнкі ня ведае.

Але самае галоўнае, што паўплывала на рашэньне Лукашэнкі, відаць, меркаваньні палітычнага характару. Наперадзе выбары, спачатку ў лукашэнкавы “парлямэнт”, а потым — прэзыдэнцкія. Зразумела, на пасадзе міліцэйскага міністра Лукашэнку ў такі час патрэбен чалавек, які жалезнай рукою будзе трымаць усталяваны з такою цяжкасьцю “беларускі парадак”.

А гэта парадак, пры якім зьнікаюць апазыцыйныя палітыкі, а лепшыя сышчыкі ня могуць знайсьці нават сьведкаў зьнікненьняў. Парадак, пры якім кідаюць у турмы дэпутатаў, палкамі б’юць дэманстрантаў, у тым ліку жанчынаў, што дамагаюцца падвышэньня заробкаў. Парадак пры якім і міліцыянты, і пракуроры, і судзьдзі — вінцікі адзінае карнае сыстэмы, падначаленай аднаму чалавеку.

Тым жа ўказам Аляксандар Лукашэнка прызначыў кіраўніком сваёй аховы былога першага намесьніка старшыні КГБ Леаніда Ерына. Нагадаю, да працы ў беларускім КГБ Ерын пасьпеў папрацаваць у расейскіх спэцслужбах — ён займаў адказную пасаду ва ўправе ФСБ Маскоўскае вобласьці.

Алег Грузьдзіловіч, Менск

XS
SM
MD
LG