Сёньня ўвечары стала вядома, што Менскі гарадзскі выканаўчы камітэт дазволіў
правядзеньне 1 кастрычніка Маршу Свабоды-3. Адразу ж пасьля паседжаньня
ў Менгарвыканкаме на сувязь з намі выйшаў прэсавы сакратар грамадзкай ініцыятывы
“Хартыя-97” Алег Бябенін.
(Бябенін: ) “Сёньня ў поўнай адпаведнасьці з законам, за 5 дзён да Маршу
Свабоды, гарадзкія ўлады Менску далі дазвол на правядзеньне гэтай акцыі.
Яны легалізавалі месца збору ўдзельнікаў Марша Свабоды – 1 кастрычніка,
станцыя мэтро Акадэмія Навук. Адтуль удзельнікам акцыі дазволена прайсьці
па вызначаных цэнтральных вуліцах да плошчы Бангалёр, дзе і павінен адбыцца
мітынг”.
(Маёрчык: ) “Ці былі нейкія адмысловыя пажаданьні да арганізатараў маючага
адбыцца Маршу Свабоды?”
(Бябенін: ) “Асноўная прэтэнзія была, што нібыта Марш Свабоды ладзіцца
за байкот выбараў 15 кастрычніка. Але ж калі разабраліся, што Марш Свабоды
праводзіцца супраць выбарчага фарсу, за сумленныя, справядлівыя выбары,
то ўсе прэтэнзіі былі зьнятыя”.
(Маёрчык: ) “На якую колькасьць разьлічваюць арганізатары?”
(Бябенін: ) “У Маршы Свабоды прымуць удзел да 100 тысяч чалавек”.
(Маёрчык: ) “Колькі будзе доўжыцца акцыя? Вы сказалі, што пачатак у
12 гадзінаў…”
(Бябенін: ) “У 12 гадзінаў. Поўгадзіны на збор, і адтуль паўтары-дзьве
гадзіны – шэсьце да Бангалёру, і там некалькі гадзінаў мітынг. Усім гэтым
шэсьцем яго ўдзельнікі падкрэсьліваюць, што яны выступаюць супраць выбарчага
фарсу, што яны выступаюць за свабодныя і сумленныя выбары. Гэта будзе лейтматывам
усёй акцыі. Ад мастацкага афармленьня да выступаў выступоўцаў. Сярод іх,
я магу ўжо зараз сказаць, будуць вядомыя палітычныя і грамадзкія дзеячы
розных палітычных плыняў, якія прадстаўляюць усю аб’яднаную дэмакратычную
апазыцыю”.
(Маёрчык: ) “Ці чакаеце Вы нейкіх замежных арганізацыяў?”
(Бябенін: ) “За Маршам Свабоды будуць назіраць ня толькі розныя міжнародныя
структуры, але і шмат праваабарончых арганізацыяў. Сусьветная супольнасьць
будзе вельмі пільна сачыць за гэтай акцыяй”.
Такім чынам, улады Менску дазволілі правядзеньне Маршу Свабоды-3. Ён
адбудзецца 1-га кастрычніка. Пачатак шэсьця а 12-й гадзіне ля станцыі метро
Акадэмія Навук.
Ягор Маёрчык, Менск
Самае папулярнае
1