Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сёньня


(эфір 23 верасьня)
Зінаіда Ганчар патрабуе ад дэпутатаў лукашэнкавага “парлямэнту” справаздачу аб тым, што яны зрабілі, каб знайсьці намесьніка старшыні Вярхоўнага Савету Віктара Ганчара.
Кіраўская раённая пракуратура адмовілася ўзбуджаць справу супраць асобаў, якія месяц таму спрабавалі ўварвацца ў дом Васіля Старавойтава.
Дэпутат Андрэй Клімаў адбывае пакараньне ў менскай калёніі.
Працэс над жонкаю экс-прэм’ера Міхала Чыгіра Юліяй Чыгір пачнецца 2 кастрычніка.

Як вядома, тыдзень таму, у мінулую суботу споўніўся год, як у Менску зьніклі (а дакладней — былі скрадзеныя невядомымі асобамі) дэпутат Віктар Ганчар і ягоны сябра, прадпрымальнік Анатоль Красоўскі.

У якасьці напаміну пра гэтае злачынства сябры й сваякі зьніклых правялі акцыю побач з тым месцам, дзе ўсё адбывалася год таму, на вуліцы Фабрычнай. Гэта ня быў пікет, а толькі акцыя-напамін, удзельнікі акцыі трымалі ў руках усяго толькі плякат зь інфармацыяй пра здарэньне, без аніякіх папрокаў ці патрабаваньняў.

Але й гэтая акцыя падалося ўладам небясьпечнаю, міліцыянты адразу пасьля акцыі затрымалі чатырох яе ўдзельнікаў і потым яшчэ два дні палявалі за астатнімі. Дайшло да таго, што позву зьявіцца ў міліцыю для складаньня пратаколу пра парушэньне спрабавалі ўручыць нават жонцы Анатоля Красоўскага Ірыне. Жанчына адмовілася ісьці ў міліцыю, заявіўшы, што й надалей будзе змагацца за свайго мужа, у вяртаньне якога яна працягвае верыць…

На той акцыі з-за сваіх прычынаў не прысутнічала Зінаіда Ганчар, аднак і яна не зьмірылася з тым, што ўлады нічога ня робяць дзеля пошукаў зьніклых. Зінаіда Ганчар зьвярнулася з адкрытым лістом да былых калегаў свайго мужа, цяперашніх дэпутатаў лукашэнкавага “парлямэнту”: “Што вы зрабілі дзеля таго каб знайсьці Віктара Ганчара й спыніць катаваньне ягонае сям’і і ўсіх сваякоў? Увесь час вы робіце выгляд, што ў краіне нічога дрэннага не адбываецца, але памятайце, адказнасьць за злачынствы Лукашэнкі, якія вы пакрываеце, на самой справе ляжыць і на вас”, — піша ў сваім лісьце Зінаіда Ганчар. “Гэта дзякуючы вам ў краіне актыўна выкарыстоўваецца ўладамі палітычны тэрор”, — зьвяртаецца жонка Ганчара наўпрост да дэпутатаў Красуцкага, Пашкевіча, Кучынскага, Глухоўскага. “Гэта дзякуючы вашай працы ў сёньняшняй Беларусі ніхто ня можа адчуваць сябе ў бясьпецы, асабліва калі чалавек нязгодны з тым рабскім жыцьцём, якое вы яму прапануеце”, — заканчвае свой ліст Зінаіда Ганчар.

* * *

Жонка вядомага апазыцыянэра, былога прэм’ера Міхала Чыгіра Юлія ўчора даведалася, што 2 кастрычніка пачнецца працэс у яе справе. Нагадаю, Юлію Чыгір абвінавачваюць у нанясеньні траўмы міліцыянту — яна ўкусіла афіцэра міліцыі, які напаў на яе пад час працэсу над Міхалам Чыгіром. Жонка экс-прэм’ера кажа, што ня верыць у аб’ектыўнасьць будучага разгляду, бо адпачатку Фрунзэнскі раённы суд дэманструе сваю ангажаванасьць. У прыватнасьці, яе нават ня выклікалі для ўдзелу ў паседжаньні, на якім вырашалася, хто й калі пачне працэс, ці ёсьць для гэтага законныя падставы.

Юлія Чыгір перакананая, што гэта ня проста памылка судовых клеркаў.

(Чыгір: ) “Я пісала лісты да прэзыдэнта Амэрыкі, да прэзыдэнта Францыі, я расслыла скаргі на дзеяньні пракуратуры ў сусьветныя праваахоўныя і іншыя міжнародныя арганізацыі, і я лічу, што ўлады вырашылі адпомьціць мне за гэта”.

Казала Юлія Чыгір, якой з 2 кастрычніка прыйдзецца сесьці на лаву падсудных.

* * *

Навіна з Мышкавічаў, дзе жыве былы старшыня “Расьвету” Васіль Старавойтаў. Памятаеце, прыкладна месяц таму да Старавойтава ў хату спрабавалі ўварвацца два чалавекі, што прадстаўляліся міліцыянтамі. Яны пагражалі, ледзь не зламалі дзверы ў хату. Але спроба шантажу не ўдалася, Старавойтаў дзверы не адчыніў, а хуліганы крыху пазьней былі затрыманыя. Адзін зь іх аказаўся былым міліцыянтам. Другі — былым злачынцам.

Старавойтаў патрабаваў, каб парушальнікаў парадку пакаралі, мясцовая пракуратура ўвесь гэты час разьбіралася, і ў рэшце рэшт Старавойтаву паведамілі, што справа ўзбуджаная ня будзе. Маўляў, нічога саблівага не адбылося. Маўляў, людзі былі нападпітку і проста хацелі зайсьці да яго …у госьці, а Старавойтаў …не зразумеў, што яны ламаюць дзьверы з самых добрых намераў. Вось такая “законнасьць па-кіраўску”.

* * *

І зноў вернемся ў Менск. Навіна ад жонкі дэпутата Андрэя Клімава Тацяны. Яна не распавядае, як і каму ўдалося дамовіцца з турэмным кіраўніцтвам, але Андрэя Клімава накіравалі для адбыцьця пакараньня не ў Бабруйск, як спачатку было вырашана, а пакінулі ў Менску. Цяпер Клімаў знаходзіцца ў каранціне ў той самай калёніі УЖ-15-1, дзе сядзеў Аляксей Шыдлоўскі, а цяпер знаходзіцца дэпутат Уладзімер Кудзінаў. “Андрэй ужо даслаў з турмы першы ліст. Піша ў захапленьні, што ўпершыню за два з паловаю гады ўбачыў над галавою неба й зоркі”, — распавяла жонка Клімава Тацяна.

Алег Грузьдзіловіч, Менск

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG