Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сёньня


Злучаныя Штаты Амэрыкі крытыкуюць Беларусь за перасьлед людзей, якія заклікаюць да байкоту выбараў. Прадстаўнік Злучаных Штатаў Амэрыкі ў Арганізацыі бясьпекі і супрацоўніцтва ў Эўропе Дэвід Джонсан выказаў сумнеў адносна заяваў беларускага афіцыйнага боку пра неперасьлед асобаў, якія агітуюць за байкот выбараў.

У Заяве прадстаўніцтва Злучаных Штатаў Амэрыкі ў АБСЭ ўзгадваецца выступ першага намесьніка міністра замежных справаў Беларусі Сяргея Мартынава на трэцяй тэхнічнай канфэрэнцыі ў Вене 30-га жніўня, калі Мартынаў заявіў, што людзі, якія заклікаюць да байкоту парлямэнцкіх выбараў у Беларусі, пакараныя ня будуць.

Злучаныя Штаты Амэрыкі нагадваюць факт арышту стотысячнага накладу незалежнай прафсаюзнай газэты “Рабочы”, дзе была апублікаваная інфармацыя пра байкот. Узгадваецца затрыманьне галоўнага рэдактара газэты Віктара Івашкевіча і супрацоўнікаў выданьня Дзьмітрыя Касьцюкевіча і Юрыя Будзько. 19-га верасьня Менскі суд асудзіў Івашкевіча і Касьцюкевіча паводле адміністрацыйнага кодэксу. Наклад газэты вернуты ня быў, а міліцыі было загадана канфіскаваць усе 400 тысячаў паасобнікаў газэты, якая інфармуе пра байкот.

Злучаныя Штаты Амэрыкі зьвяртаюць увагу на арышты 15 і 16 верасьня больш як 20 чалавек, якія распаўсюджвалі ўлёткі з заклікам да байкоту.

16-га верасьня, як адзначана ў справаздачы Кансультацыйна-назіральнай групай АБСЭ ў Менску, два невядомыя нападнікі атакавалі намесьніка старшыні Вярхоўнага Савету 13-га скліканьня Анатоля Лябедзьку на акцыі, прысьвечанай гадавіне зьнікненьня Віктара Ганчара і Анатоля Красоўскага. Нападнікі рабілі гэта ў прысутнасьці некалькіх узброеных паліцыянтаў, якія стаялі побач і ніяк не рэагавалі.

Амэрыканскі бок сьцьвярджае, што падзеі мінулага тыдня дэманструюць, што Беларусь не выконвае патрабаваньняў эўрапейскіх структураў, каб выбарчы працэс і выбары ў Беларусі можна было назваць свабоднымі і справядлівымі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG