Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сёньня


Сёньня ў Менску прайшоў справаздачна-выбарчы сход прафсаюзу працаўнікоў дзяржаўных установаў. Дэлегаты выказаліся за ўмацаваньне прафсаюзнае салідарнасьці.

Тэма распачатага ў краіне расколу прафсаюзнага руху была ўзьнятая лідэрам прафсаюзу працаўнікоў дзяржаўных установаў Аляксеем Забалотным. Падзеі на “Інтэграле”, сказаў ён, зьяўляюцца трывожным сыгналам для ўсіх прафсаюзных структураў Беларусі.

Аднак адмысловы характар чыноўніцкага прафсаюзу, паводле словаў Забалотнага, не дазваляе яму цалкам прымаць бок Фэдэрацыі, у якую ўваходзіць згаданы прафсаюз. Старшыня Фэдэрацыі Ўладзімер Ганчарык лічыць такое сьцьвярджэньне спрэчным. Вось што ён паведаміў нашаму радыё:

“Спэцыфіка, вядома, ёсьць. Інтарэсы дзяржаўнага службоўцы і ягоныя інтарэсы як сябра прафсаюзу не заўжды супадаюць. Супярэчнасьць мае тут аб’ектыўны характар. Але што тычыцца агульных рашэньняў Фэдэрацыі, тут не павінна быць ніякіх сумненьняў. Таму што яны прымаюцца рашэньнем прэзыдыюму, галасуюцца і мусяць выконвацца. Згодна статуту. Таму такая заява, прынамсі, некарэктная”, — лічыць Уладзімер Ганчарык.

Фэдэрацыя, якую ён узначальвае, апошнім часам шматкроць зьвярталася да сваіх сяброў з заклікам супрацьстаяць антыпрафсаюзнаму гвалту ўладаў. Між тым, прафсаюз дзяржаўных установаў, мякка кажучы, ігнараваў такія звароты. Больш таго, шмат якія высокапастаўленыя сябры гэтага прафсаюзу засьведчылі сябе актыўнымі праваднікамі палітыкі ўмяшаньня дзяржавы ў прафсаюзную дзейнасьць.

Міхал Мясьніковіч, які ўзаначальвае сёньня змаганьне з прафсаюзамі, паводле зьвестак лідэра Фэдэрацыі, толькі нядаўна пакінуў шэрагі прафсаюзу дзяржаўных установаў. Адсюль жа ў прафсаюз радыёэлектроннае прамысловасьці падаўся яшчэ адзін застрэльшчык развалу беларускіх прафсаюзаў — міністар прамысловасьці Анатоль Харлап.

Дэлегатам на сёньняшні зьезд быў абраны й старшыня нацыянальнае тэлерадыёкампаніі Віктар Чыкін. Сёньня ж высьветлілася, што Чыкін прыняў днямі рашэньне зьмяніць прафсаюз — з прафсаюзу дзяржаўных установаў перайшоў у прафсаюз культуры.

Уладзімер Ганчарык пракамэнтаваў гэта наступным чынам:

“Я б не сказаў, што шмат якія кіраўнікі ворганаў улады гэтым займаюцца, але частка зь іх, насамрэч, мае да гэтага непасрэднае дачыненьне. Выкананьне любое каманды залежыць ад чалавека, ягонае жыцьцёвае пазыцыі, урэшце рэшт, ягонага сумленьня. І больш разумныя, не каньюнктуршчыкі разумеюць, што трэба наладжваць партнэрскія адносіны, а не ствараць перашкоды й не займацца развалам, абмежаваньнем або ўмяшаньнем у справы прафсаюзаў”, — зазначыў Уладзімер Ганчарык.

Міхал Стэльмак, Менск

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG