Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сёньня


Пасьля рэгістрацыі кандыдатаў у “Палату прадстаўнікоў”, тых, хто лічыцца дэмакратамі, у гэтай выбарчай кампаніі засталіся адзінкі. І пры гэтым у некалькіх акругах яны сталі супернікамі адзін аднаму. Гэта адразу ўдвая памяншае шанцы іхнага абраньня ў парлямэнт. Аднак пакуль што канкурэнцыя паміж такімі кандыдатамі адбываецца карэктна.

У прыватнасці, дэмакратычныя кандыдаты канкуруюць адзін з адным у 107-й Каліноўскай і 102-й Заходняй выбарчых акругах, што ў Менску. У 107-й акрузе супернічаюць лідэр Беларускае Сацыял-Дэмакратычнае партыі “Народная Грамада” Мікола Статкевіч і прадстаўніца грамадзкага аб’яднаньня “Яблоко” Сьвятлана Агаронава.

Гаворыць Мікола Статкевіч:

(Статкевіч: ) “Гэта не сыстэма, гэта не тэндэнцыя. Усё ж такі звычайныя дэмакратычныя кандыдаты – у адзіноце ў сваіх акругах. Але апрача ўсяго іншага, я не лічу “Яблоко” дэмакратычнай беларускай арганізацыяй. Па-мойму, яна дэмакратычная расейская арганізацыя”.

Гэта быў Мікола Статкевіч. Але ў сваім выпадку ён лічыць, што хутчэй за ўсё Агаронава застанецца адзіным дэмакратам у 107 акрузе.

(Статкевіч: ) “Я пайду на выбары толькі разам са сваімі таварышамі. Зараз мы яшчэ праверым Вярхоўны суд. Калі мае сябры ня будуць зарэгістраваныя, то я ня буду прыкрываць сабою тое, што тут адбываецца. Я выйду з гэтай выбарчай кампаніі, але ня выйду з выбараў. Буду дапамагаць тым, хто ўдзельнічае”.

Гаварыў лідэр “Народнае Грамады” Мікола Стакевіч.

Паводле ягоных падлікаў, пасьля ягонага верагоднага сыходу з дыстанцыіі ў выбарчай кампаніі яшчэ застанецца каля двух дзясяткаў кандыдатаў з сацыял-дэмакратычнымі поглядамі.

Прадстаўнік аб’яднаньня “Яблоко” Аляксандар Фядута ў 102-й менскай акрузе спаборнічае з экс-прэм’ерам Міхалам Чыгіром. Фядута катэгарычна нязгодны зь меркаваньнем Статкевіча, што “Яблоко” — арганізацыя не патрыятычная. Як сьцьвярджае Фядута, беларускае “Яблоко” стаіць за сувэрэнітэт Беларусі. А вось што ён мяркуе пра тое, чаму яны не разышліся зь Міхалам Чыгіром па розных акругах.

Гаворыць Аляксандар Фядута:

(Фядута: ) “Я працую з гэтай акругай зь мінулага году. А адзіным аргумэнтам спадара Чыгіра, калі ён выбіраў гэтую акругу, было тое, што ён тут жыве. Прабачце, калі ласка, гэта не перашкодзіла спадарыні Чыгір вылучацца па Слуцкай выбарчай акрузе. Калі ён тут жыве, прабачце, ён не мядзьведзь, а я ня заяц, каб я ад яго лётаў па ўсім Менску”.

Гэта быў Аляксандар Фядута. На ягоную думку, гэтая перадвыбарчая кампанія ідзе пакуль што даволі сумна й нецікава.

Ягоны канкурэнт Міхал Чыгір зазначае, што суперніцтва іх праходзіць карэктна, па-джэнтэльмэнску. Гаворыць Міхал Чыгір:

(Чыгір: ) “На жаль, так сталася. Гэта нічога добрага ня дасьць ні мне, ні Фядуту, але ж у адкрытай спрэчцы мы вырашым гэтую дылему, і ўсё стане на свае месцы. Я працую адкрыта, без усялякіх нападкаў і крыўдаў на Фядуту, ну а людзі скажуць, хто зь іх пункту погляду больш варты. Гэта здарылася, таму што дэмакратычныя сілы не змаглі скардыянаваць сваю дзейнасьць і ўдзел у тых або іншых выбарчых акругах”,

— сказаў экс-прэм’ер Міхал Чыгір.

Пакуль што рана казаць пра магчымасьць перамогі ў выбарах тых або іншых дэмакратычных кандыдатаў, але й Мікола Статкевіч, і Аляксандар Фядута выказваюць спадзеў, што пасьля выбараў у парлямэнце зьявяцца й новыя, цяпер яшчэ невядомыя дэмакраты, барацьбіты з рэжымам, бо, напрыклад, яшчэ на пачатку 96-га году ніхто ня думаў, што за дэмакратыю і законнасьць будуць выступаць Шарэцкі й Калякін.

Валер Каліноўскі, Менск

XS
SM
MD
LG