Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сёньня


Тэхнічныя экспэрты ў назіраньні за выбарамі ў “Палату прадстаўнікоў”, якія знаходзяцца ў Беларусі, шукалі адказу на два пытаньні. Іх цікавіла, ці адпавядае законадаўству пастанова Цэнтарвыбаркаму Беларусі, згодна зь якой недзяржаўныя мас-мэдыі ў некаторых выпадках забавязаныя асьвятляць выбарчую кампанію, і ці парушыла заканадаўства Беларуская тэлевізія ў адносінах да лідэра партыі БНФ Вінцука Вячоркі.

Сёньня тэхнічныя экспэрты зь Бюро дэмакратычных ініцыятываў і правоў чалавека, якія знаходзяцца ў Беларусі дзеля назіраньня за парлямэнцкімі выбарамі, аналізавалі пастанову Цэнтарвыбаркаму Беларусі ад 11 верасьня “Аб парадку выкарыстаньня дзяржаўных СМІ пры падрыхтоўцы й правядзеньні выбараў дэпутатаў Палаты Прадстаўнікоў”.

Штуршком да разгляду групы пад кіраўніцтвам экспэрта Джавані Маёлы (Giovanna Maiola) зь Італіі паслужыла юрыдычная экспэртыза пастановы, якую зрабіў супрацоўнік Цэнтру праўнай абароны СМІ пры Беларускай Асацыяцыі журналістаў Юры Тапарашаў. Паводле ягонага заключэньня, пункт 13 пастановы Цэнтарвыбаркаму дэманструе “абсалютную юрыдычную алягічнасьць, поўнае несупадзеньне зь дзейным выбарчым заканадаўствам ды іншымі праўнымі актамі”.

Сутнасьць справы ў тым, што Цэнтарвыбаркам забавязаў недзяржаўныя мас-мэдыі ў тым выпадку, калі яны даюць слова аднаму з кандыдатаў у дэпутаты, прадаставіць такую ж магчымасьць і ўсім іншым кандыдатам. Такім чынам, даказвае юрыст Тапарашаў, старшыня Цэнтарвыбаркаму Лідзія Ярмошына перавысіла свае паўнамоцтвы, паколькі ўстанова, якую яна ўзначальвае, выступіла ў якасьці заканадаўцы.

Сёньня міжнародныя тэхнічныя экспэрты разглядалі й відэазапіс праграмы БТ “Панарама” за 19 верасьня. У той вечар журналіст Яўген Мялешка камэнтаваў ліст Вінцука Вячоркі на ймя кіраўніцтва нацыянальнага тэлеканалу з просьбаю выдаткаваць час у эфіры для выкладаньня пазыцыі партыі. Зачапіўшыся за словы Вячоркі пра тое, што байкот выбараў ёсьць формаю ўдзелу ў іх, журналіст зрабіў камэнтар, у якім зьмяшаў і бацьку Вінцука, і навуковы камунізм разам з дыялектычным матэрыялізмам, і шэсьце гомасэксуалістаў па Менску, якое, дарэчы, так і не адбылося.

Пасьля азнаямленьня з матэрыяламі тэхнічныя экспэрты вырашылі пакуль не рабіць ніякіх высноваў. Напачатку яны вырашылі зьвярнуцца за тлумачэньнямі ў Цэнтарвыбаркам і на дзяржаўную ТБ. Свой вэрдыкт яны вынясуць толькі пасьля заслухваньня абодвух бакоў канфлікту.

Сёньня ўраніцу ў Менск прыбыў апошні з васьмі сяброў групы тэхнічных экспэртаў. Свае абавязкі яны падзялілі наступным чынам. Узначальвае групу, як мы ўжо паведамлялі Элізабэт Расмусан (Elisabeth Rasmusson) з Нарвэгіі. Дададзім, што яна мае пэўны досьвед такое працы ў Босьніі. Ейны намесьнік — Карла Акамэ (Carlo Accame) зь Італі. Джэймс Пір’ю (James Piriou) з Францыі, Браян Бонэр (Brian Bonner) са Злучаных Штатаў Амэрыкі й Тарас Пастушэнка з Украіны — адказныя за рэгіёны. Баўгарын Камэн Іваноў выступае ў якасьці выбарчага экспэрта. Вышэйзгаданая Джавана Маёла зь Італіі адказвае за мэдыі, а паляк Кшыштаф Вісьнявецкі (Krzysztof Wisniowiecki) – за арганізацыйныя пытаньні.

Уладзімер Глод, Менск

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG