Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сёньня


У Эўропе працягваюцца пратэсты з нагоды падвышэньня цэнаў на бэнзін. Гэтай праблеме прысьвечаная сустрэча міністраў транспарту краінаў Эўрапейскага Зьвязу, якія сабраліся сёньня на нараду ў Люксэмбуругу.
У Беларусі цэны на бэнзін хаця і саступаюць сярэднеэўрапейскім, усё ж значна перавышаюць кошты ў Злучаных Штатах Амэрыкі. Напрыклад, за 30 даляраў у ЗША можна праехаць прыкладана 760 кілямэтраў, у Беларусі – 700, у Чэхіі – 400, а ў Вялікай Брытаніі – усяго 250 кілямэтраў.

Пратэсты кіроўцаў грузавікоў распаўсюдзіліся па-за межы Эўропы і ахапілі Ізраіль, – піша сёньняшняя брытанская газэта Guardian.
У Гішпаніі, паведамляе газэта, 100 000 фэрмераў заблякавалі трактарамі рух у цэнтры Мадрыду ды іншых буйных гарадах краіны. Два найбуйныя фэрмэрскія саюзы Гішпаніі папярэдзілі, што яны могуць у кастрычніку заблякаваць усе дарогі, калі ўрад не задаволіць іхных патрабаваньняў.

Нямецкія кіроўцы грузавікоў і таксі таксама працягвалі акцыі пратэсту.
У Гамбуругу каля 300 грузавікоў, аўтобусаў і таксі параліжавалі рух на ўнутранай кальцавай дарозе. У сталіцы Швэцыі Стакгольме, а таксама ў Гётэборгу й Мальмё працягвалася аўтамабільная блякада портаў.
Ірляндзкія рыбакі спынілі працу прынамсі на 24 гадзіны. У Ірляндыі падатак на паліва ўзрос на 180 асдоткаў за апошнія 18 месяцаў, – піша брытанская Guardian.

Газэта Wall Street Jornal in Europe аналізуе ў сёньняшнім нумары магчымыя захады Эўрапейскага Зьвязу ў пераадоленьні паліўнага крызісу. Шляхі выйсьця зь яго абмяркоўвалі сёньня міністры транспарту 15 эўрапейскіх краінаў на экстраннай нарадзе ў Люксэмбургу.

Зь ініцыятывай такой сутрэчы выступіла Францыя, якая старшынюе зараз у Эўрапейскім Зьвязе. Камісія Эўрапейскага Зьвязу ў справе транспарту выказала незадаволенасьць рашэньнем некаторых урадаў скараціць падатак на паліва. Кіраўнік гэтай камісіі Лаёла дэ Паласіё сказаў, выступаючы ў Эўрапейскім парлямэнце ў аўторак, што сябры Зьвязу мусяць процістаяць спакусе зьменшыць падаткі.

Рашэньне Францыі два тыдні таму пайсьці на саступкі кіроўцам, якія першымі выступілі супраць высокіх цэнаў на паліва, выклікала хвалю аналягічных пратэстаў ва ўсёй Эўропе. У Італіі, Бэльгіі і Нідэрляндах было вырашана выплаціць кіроўцам кампэнсацыю за падвышэньне падаткаў. Аднак, у Бельгіі і Фінляндыі ўлады адмовіліся ад падобнай зьдзелкі з прафсаюзамі транпартнікаў. У Нямеччыне было прынятае рашэньне аб часовай субсыдыі грамадзянам, каб кампэнсаваць падвышэньне цэнаў, хаця ўрад заявіў пазьней, што не саступіць у далейшым ціску і ня будзе больш скарачаць падатак на паліва.

Краіны Эўрапейскага Зьвязу раней дамовіліся аб мінімальным узроўні падаткаў. Аднак, некаторыя краіны, улучна з Францыяй, агаварылі для сябе часовае выключэньне на гэты год, каб захаваць больш нізкія цэны для кіроўцаў грузавых кампаніяў.

Аднак сябры Эўрапейскага Зьвязу могуць забараніць усялякае адхіленьне ад усталяванага ўзроўню на наступны год, – піша Wall Street Jornal in Europe. На сайце тэлекампаніі СNN зараз можна бачыць адмысловую табліцу, зь якой можна даведацца колькі кілямэтраў можа праехаць кіроўца сярэднестатыстычнага аўтамабіля, калі купіць бэнзіну на 30 даляраў. Зьвесткі дадзеныя ў разьліку, што аднаго літру бэнзіну, умоўна, хапае на 10 кілямэтраў.

Дык вось, паводле гэтай табліцы, самы танны бэнзін у Саўдаўскай Аравіі. Там 30 даляраў хопіць на 1250 кілямэтраў. А самы дарагі бэнзін у Вялікай Брытаніі. Там за такую ж суму можна праехаць толькі 250 кілямэтраў. Потым ідуць краіны Скандынавіі, Францыя, Нямеччына. У Польшчы бэнзін каштуе амаль так, як у Люксэмбургу – там за 30 даляраў можна праехаць амаль 400 кілямэтраў. У Чэхіі і Гішпаніі – яшчэ на некалькі кілямэтраў больш.

Што тычыцца Беларусі, дык на менскіх аўтазапраўках самыя дарагія маркі бэнзіну каштуюць, у сярэднім, каля 50 цэнтаў. Пры гэтым варта памятаць ня толькі пра якасьць беларускіх аўтамабільных дарогаў, але і пра тое, што мінімальны заробак у ЗША перавышае 1200 даляраў. У Беларусі мінімальная зарплата афіцыйна складае прыкладна 2 даляры.

Віталь Тарас, Прага

XS
SM
MD
LG