Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сёньня


Аляксандар Лукашэнка днямі даручыў ураду праз год давесьці сярэдні заробак беларусаў да 100 даляраў на месяц. Гэтым самым ён прызнаў надзвычай нізкі ўзровень жыцьця ў краіне. На сёньня каля паловы беларусаў жыве менш чым на адзін даляр у дзень, што лічыцца ў сьвеце ўзроўнем галечы.

Кіраўнік прадстаўніцтва Ўсясьветнага банку ў Беларусі Сяргей Кулік паведаміў, што на чарговым штогадовым сходзе МВФ і Ўсясьветнага банку напрыканцы верасьня ў Празе будзе разглядацца даклад пра ўзровень беднасьці ў сьвеце. Згодна з мэтодыкамі Ўсясьветнага банку на падставе афіцыйнае статыстыкі й вывучэньня хатніх гаспадарак праблема беднасьці была вывучаная і ў Беларусі.

Пра вынікі гаворыць кіраўнік прадстаўніцтва Ўсясьветнага банку Сяргей Кулік:

“Паводле нашых зьвестак, у першай палове 2000 году адсотак жыхароў у Беларусі, якое жыве менш чым на 1 даляр у гарадзкіх раёнах складала 44 адсоткі, у сельскіх — 52,7 адсоткі”, — паведаміў кіраўнік прадстаўніцтва Ўсясьветнага банку ў Беларусі Сяргей Кулік.

Паводле ягоных словаў, у цэлым колькасьць бедных у краінах былога СССР за апошнія дзесяць гадоў вырасла ў 10 разоў. Хаця ён і зазначыў, што нельга перабольшваць дабрабыт людзей у час позьняга СССР.

Міністар эканомікі Беларусі Ўладзімер Шымаў лічыць гэтыя ацэнкі неадэкватнымі рэчаіснасьці, паколькі ня ўлічваюцца пры гэтым нізкія кошты грамадзкага транспарту, камунальных паслугаў ды іншага. На ягоную думку, з эканамічнага пункту гледжаньня няслушны наўпросты перавод даходаў людзей паводле афіцыйнага курсу й супастаўленьне іх зь іншымі краінамі. Заўсёды ўжываецца паняцьце парытэту пакупніцкае здольнасьці ды на ягонае падставе робіцца выснова пра дабрабыт людзей тае ці іншае краіны. Шымаў паведаміў, што вывучэньне праблемы даходаў у Беларусі праводзілася ў 93-м і 98-м гадох паводле гэткіх мэтодыкаў і вынікі былі іншыя, больш суцяшальныя.

Гаворыць мінстар эканомікі Ўладзімер Шымаў:

“Парытэт пакупніцкае здольнасьці лічыўся па набору тавараў з 1200 найменьняў. У першым выпадку агульны сярэдні даход быў вылічаны на 490, у другі раз — 510 даляраў у месяц”, — сказаў міністар эканомікі Шымаў.

Паводле ягонага перакананьня людзі ў Беларусі жывуць лепш, чым у Расеі, Украіне ды іншых краінах СНД.

Тым ня менш можна прызнаць, што Шымава абверг сам Лукашэнка, які 13 верасьня заклікаў урад змагацца зь беднасьцю жыхароў краіны й дамагчыся праз год сярэднямесячнага заробку 100 даляраў.

У міністэрстве статыстыкі фактычна пацьвердзілі лічбы Ўсясьветнага банку. Як паведаміла супрацоўніца гэтага міністэрства Ірына Булгакава, мяжа беднасьці — гэта значыць, мінімальны спажывецкі бюджэт — у Беларусі цяпер складае 31 тысячу 276 рублёў. І менш гэтае сумы мае 44,4 адсоткі жыхароў нашае краіны.

Валер Каліноўскі, Менск

XS
SM
MD
LG