Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сёньня


Падобна на тое, што колькасьць тэхнічных экспэртаў дзеля назіраньня за парлямэнцкімі выбарамі ў Беларусі можа быць павялічаная. Пра такую магчымасьць заявіла сёньня экспэрт Джавана Маёла.

Тэхнічныя экспэрты адразу сустрэліся з праблемаю атрыманьня кваліфікаванага апэратыўнага праўнага камэнтару. Напрыклад, выпускніцу ўнівэрсытэту ў Падуі, што ў Італіі, Джавану Маёлу (Giovanna Maiola), якая зьяўляецца спэцыялісткаю ў галіне сродкаў масавай інфармацыі, турбуе юрыдычны аспэкт судовае справы газэты “Рабочы”, пастановы Цэнтарвыбаркаму “Аб парадку карыстаньня дзяржаўнымі СМІ пры падрыхтоўцы й правядзеньні выбараў”.

Цікавіць яе й такі факт — ці парушыла Закон старшыня Цэнтарвыбаркаму Лідзія Ярмошына ў часе сваіх двух апошніх камэнтароў выбарчае кампаніі Беларускае тэлевізіі? І гэта далёка ня ўсе праблемы, на якія шукаюць адказу тэхнічныя экспэрты.

Менавіта пра гэта казала спадарыня Маёла на сёньняшняй сустрэчы экспэртаў мас-мэдыя ад палітычнай апазыцыі з кіраўніком Кансультацыйна-назіральнае групы АБСЭ ў Беларусі амбасадарам Вікам, на якую яе запрасілі як спэцыяліста ў галіне СМІ. Тут Джавана Маёла й выказала думку пра необходнасьць магчымага пашырэньня кола тэхнічных экспэртаў юрыстамі высокае кваліфікацыі.

Вось як камэнтуе гэтую прапанову экспэрт у справе мас-мэдыяў ад палітычнай апазыцыі Вячаслаў Герасіменка:

(Герасіменка: ) “Калі я назіраў за спадарыняў Маёлай, у мяне стварылася ўражаньне, што яна думае, што патрапіла на іншую плянэту. Крыху пазьней я зразумеў чаму. Ёй дзіўна, як гэта ў дзяржаве дзяржаўныя сродкі масавай інфармацыі адным сваім грамадзянам даюць магчымасьць гаварыць бясконца, пісаць колькі пажадаюць, а іншая частка грамадзянаў гэтай жа дзяржавы ня можа сказаць пяць словаў ці апублікаваць пяць радкоў, што прызначаная Лукашэнкам на пасаду старшыня ЦВК Ярмошына замест таго, каб тлумачыць выбарчае заканадаўства, вядзе шматлікія палітычныя маналёгі як камэнтатар рэспубліканскага тэлебачаньня. Гэты ды іншыя факты прымусілі спадарыню Маёлу зрабіць выснову, што тэхнічнай місіі БДІіПЧ неабходныя дадатковыя экспэрты-юрысты, якія б здолелі разабрацца ў Беларускім існуючым заканадаўстве”.

Гэта быў экспэрт Вячаслаў Герасіменка.

На сёньняшні дзень яшчэ ня ўсе сябры групы тэхнічных экспэртаў прыехалі ў Менск. Але ейны склад ужо вызначаны. Узначальвае групу прадстаўніца Нарвэгіі Элізабэт Расмусан (Elisabeth Rasmusson). Сярод экспэртаў прадастаўнікі Баўгарыі, Злучаных Штатаў Амэрыкі, Італіі, Польшчы, Украіны, Францыі.

У першым прэсавым рэлізе, падрыхтаваным групаю тэхнічных экспэртаў, ад імя кіраўніцы групы сьцьвярджаецца, што “гэта ня ёсьць місія назіраньня за выбарамі. Беларускія ўлады не дасягнулі дастаковага прагрэсу ў падрыхтоўцы дэмакратычных выбараў, каб накіраваньне місіі наглядальнікаў было абгрунтаваным. Аднак апошнія зьмены ў выбарчым заканадаўстве робяць апраўданым разьмяшчэньне абмежаванае місіі ў тэхнічнай ацэнцы”.

У дакумэнце таксама сьцьвярджаецца, што тэхнічныя экспэрты будуць вельмі пільна назіраць за палітычнай сытуацыяй і захаваньнем правоў чалавека, асабліва сканцэнтраваўшы ўвагу на фундамэнтальных свабодах.

Уладзімер Глод, Менск

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG