Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Сёньня


На мінулым тыдні ў Маскве адбылося першае паседжаньне навукова-кансультацыйнага Савету ў пытаньнях бясьпекі саюзу Беларусі і Расеі. Падчас паседжаньня намесьнік кіраўніка гэтай установы, прадстаўнік Беларусі Барыс Бікінін выклаў уяўленьні беларускага боку пра ваенныя аспэкты інтэграцыі.

Статус ізноў утворанага воргану не зусім ясны: ніякімі саюзнымі дамовамі ягонае існаваньне не прадугледжанае, тым ня менш паведамляецца, што ў склад навукова-кансультацыйнага Савету павінныя ўвайсьці прадстаўнікі міністэрстваў юстыцыі, абароны і спэцслужбаў абедзвюх дзяржаваў. Кіраўніком савету стаў Барыс Пастухоў, былы намесьнік міністра замежных справаў Расеі, зараз старшыня думскага камітэту ў справах СНД, а намесьнікам Пастухова – дэпутат палаты прадстаўнікоў Беларусі, старшыня камісіі па бясьпецы парлямэнцкага сходу Беларусі і Расеі Барыс Бікінін. Паводле словаў сп-ра Бікініна, мэта савету – ні больш ні менш, як стварэньне заканадаўчай базы, асабліва ў пытаньнях калектыўнай бяспекі Саюзу.

Якім чынам нефармальны ворган можа займацца заканатворчай дзейнасьцю? Расейская газэта “Известия” лічыць, што стварэньне гэтага савету ёсьць спроба дэпутатаў, скарыстаўшы момант, вярнуць пад свой кантроль “саюзныя” справы. Магчыма, стварэньне Савету – сапраўды гульня дэпутатаў, але толькі расейскіх. Члены беларускай “палаты прадстаўнікоў” могуць толькі агучваць меркаваньні Лукашэнкі. Падаецца, што навукова-кансультацыйны Савет – працяг спробаў Лукашэнкі знайсьці нейкія процівагі Крамлю сярод расейскай палітычнай эліты. Спробы гэтыя распачаліся некалькі тыдняў таму, калі Лукашэнка падчас сустрэчы ў Менску з лідэрам расейскіх камуністаў Генадзем Зюганавым фактычна абвінаваціў расейскі ўрад і Крэмль ў зрыве інтэграцыі.

“Известия” ня выключаюць, што новаствораны Савет можа быць проста тыповай лябісцкай структураю. Для падобных заняткаў сапраўды патрэбная база, але ня столькі заканадаўчая, колькі ідэалягічная, якую і прадставіў сп-р Бікінін на першым паседжаньні Савету. Яго прамова была вытрыманая ў духу рыторыкі “халоднай вайны”, аздобленай геапалітычнай глыбокадумнасьцю. Ён заявіў, што каб не дапусціць збліжэньня Беларусі і Расеі Захад стварае вакол Расеі буфэрную зону – “Чарнаморска-балтыйскі санітарны кардон”: “У гэтых умовах Беларусь засталася адзінай дзяржавай, якая не ўваходзіць у гэты кардон, абедзьве часткі якога – Літва, Латвія і Эстонія, а таксама Грузія, Украіна, Азэрбайджан і Малдова – аказаліся разарванымі ў самым цэнтры, дзе праз Беларусь пралягае самы кароткі шлях з Захаду на Маскву”, – заявіў Барыс Бікінін.

Аляксандр Лукашэнка яшчэ у 1996 годзе распавядаў пра тое, як “монстар-НАТА падпаўзае да межаў сінявокай Беларусі”. Але чамусьці першай ахвярай альянсу робіцца веданьне геаграфіі прадстаўнікамі афіцыйнага Менску. Дастакова паглядзець на мапу, каб убачыць, што Польшча – ужо сябра НАТА – мяжуе з абедзьвюма часткамі злавеснага “санітарнага кардону”, пра які гаварыў сп-р Бікінін. Так што, калі б падобныя пляны “акружэння” Расеі і існавалі, то іх ужо можна было б лічыць зьдзейсьненымі, і незразумела, як іх мог бы прадухіліць беларуска-расейскі саюз.

Хаця ўсё зразумела. Патрэба Крамля ў Лукашэнку ў апошні час істотна зьменшылася, і адзінае, што яму застаецца – выстаўляць сябе апошнім бастыёнам Расеі на шляху заходняга “монстра”. А расейскім генэралам патрэбныя грошы, зброя і жаўнеры. Для ажыцьцяўленьня гэтых плянаў патрэбны вобраз ворага. Перад такой прагай, зразумела, ніякая геаграфія выстаяць ня можа.

Юры Дракахруст, Прага

XS
SM
MD
LG