Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сёньня


Днямі Менск наведаў кіраўнік Банку Летувы Рэйнальдыюс Шаркінас. У часе ягонае сустрэчы з кіраўніцтвам Нацыянальнага банку беларускі бок прыклаў намаганьні дзеля падпісаньня пагадненьня пра тое, каб беларускія грамадзяне маглі адкрываць рахункі ў летувіскіх банках толькі з дазволу Нацыяльнага банку Беларусі. Аднак гэтая ініцыятыва ня мела плёну.

Напрыканцы мінулага тыдня адбылася сустрэча старшыні Нацыянальнага банку Беларусі Пятра Пракаповіча з кіраўніком Банку Летувы Рэйнальдыюсам Шаркінасам. Галоўныя банкіры Беларусі й Летувы абмяркоўвалі ўзаемныя стасункі цэнтральных фінансавых установаў абедзьвюх краінаў, а таксама дамаўляліся ва ўмовах супольнае працы.

Як нам стала вядома з крыніцаў, блізкіх да кіраўніцтва Нацыянальнага банку Беларусі, у часе гэтае сустрэчы беларускі бок спрабаваў упэўніць кіраўніка цэнтральнага банку Летувы падпісаць пагадненьне пра тое, каб беларускія грамадзяне маглі адкрываць рахункі ў летувіскіх банках толькі з дазволу Нацыянальнага банку Беларусі. Усе афыіцыйныя “паперы” дзеля гэтага ўжо былі падрыхтаваныя, спадару Шаркінасу толькі заставалася паставіць свой подпіс пад дамоваю. Але кіраўнік Банку Летувы не згадзіўся на такую прапанову.

Як распавёў нашаму радыё былы старшыня Нацыянальнага банку Беларусі Станіслаў Багданкевіч, адміністрацыйныя забароны такога кшталту ня здольныя палепшыць сытуацыю ў банкаўскай сфэры, дзеля гэтага патрэбнае сапраўднае рэфармаваньне грашова-крэдытнае палітыкі.

Распавядае Станіслаў Багданкевіч:

“На маю думку, кіраўніцтву краіны й Нацыянальнаму банку трэба стварыць умовы ў забесьпячэньні цэласьці кошту нацыянальнае ці іншае валюты ва ўласных банках. І гэта прывядзе да таго, што капіталы ня будуць зьнікаць зь Беларусі ў Летуву ды іншыя краіны. Трэба проста праводзіць больш жорсткую грашова-крэдытную палітыку, якую, дарэчы, з пачатку гэтага году й праводзіць Нацыянальны банк. А гэта значыць — мець станоўчую працэнтавую стаўку, спыніць падтрымку стратнае вытворчасьці, скончыць крэдытаваньне неэфэктыўных урадавых праектаў”, — зазначыў Станіслаў Багданкевіч.

На думку былога старшыні Нацыянальнага банку Беларусі, варта стварыць умовы дзеля адкрыцьця ў краіне некалькіх філіяў найбольш буйных заходнеэўрапейскіх банкаў, якім бы беларускія грамадзяне даручалі свае уклады. І тады, упэўнены Багданкевіч, ня будзе аніякае патрэбы ў адміністрацыйных забаронах на ўзроўні пагадненьняў паміж банкамі ў справе адкрыцьця рахункаў.

Ганна Соусь, Менск

XS
SM
MD
LG