Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сёньня


Менская міліцыя працягвае паляваць на ўдзельнікаў акцыі, праведзенай у сыботу на месцы зьнікненьня Віктара Ганчара і Анатоля Красоўскага. Сёньня ў Ленінскім раённым судзе пачаўся першы працэс — над дэпутатам Паўлам Знаўцом.

Гадавіну зьнікненьня намесьніка старшыні Вярхоўнага Савету Віктара Ганчара й прадпрымальніка Анатоля Красоўскага беларускія ўлады адзначылі разгонам акцыі, што праходзіла не месцы зьнікненьня гэтых людзей.

Тады ж, у мінулую сыботу, пасьля акцыі міліцыя затрымала дэпутата Паўла Знаўца і актывіста Аб’яднанае Грамадзянскае партыі Ўладзімера Бажанава, а таксама журналістаў Ўладзімера Глода й Генадзя Барбарыча. Журналістаў хутка адпусьцілі, а Знаўца з Бажанавым пратрымалі пяць гадзінаў у пастарунку Ленінскага раёну і выпусьцілі толькі пасьля таго, як ўручылі позвы зьявіцца ў суд.

Каб прыцягнуць да адказнасьці за парушэньне правілаў пікетаваньня міліцыя да гэтага часу палюе і на іншых удзельнікаў акцыі. Позву ўжо атрымала Людміла Гразнова, міліцыянты прыяжджалі на хату да Вячаслава Сіўчыка, Анатоля Лябедзькі, Цімоха Дранчука, Людмілы Бажок, але дома іх не засьпелі.

Паўторна была зробленая спроба выклікаць у міліцыю і жонку зьніклага прадпрымальніка Анатоля Красоўскага, якая разам з дачкою таксама ўдзельнічала ў акцыі. Ірына Красоўская заявіла міліцыянтам, што пакідае за сабою права ў любы час стаяць на месцы, дзе год таму быў скрадзены ейны муж. У міліцыю Ірына йсьці адмовілася.

А сёньня ўраніцу ўжо пачаў працаваць судовы канвэер над удзельнікамі акцыі памяці. Перад адміністрацыйным судзьдзёй Ленінскага раёну Церашковай першым паўстаў дэпутат Павал Знавец. Ён адразу заявіў, што ня лічыць сябе вінаватым, бо акцыя не зьяўлялася пікетам зь нейкімі патрабаваньнямі, а толькі нагадвала пра тое, што адбылося на гэтым месцы год таму:

(Знавец: ) “Чыста юрыдычна гэта ня быў пікет, а гэта проста прыйшлі людзі на тое месца, каб нагадаць. Тым ня менш, як бачыце, хапун усё роўна пачаўся. Яны адчуваюць, што дыктатар яшчэ сядзіць моцна і таму ввыконваюць усе загады, якія сыходзяць ад адміністрацыі”.

Лічыць дэпутат Вярхоўнага Савету Павал Знавец.

Суд над ім перанесены на заўтра, паколькі Знавец запатрабаваў адваката й дадатковае магчымасьці азнаёміцца з матэрыяламі справы. Ён лічыць яе цалкам сфальсыфікаванай і заяўляе, што ягоны перасьлед, як і перасьлед іншых удзельнікаў акцыі памяці Ганчара й Красоўскага, дэманструе ўсяму сьвету сапраўднае аблічча беларускіх уладаў.

Алег Грузьдзіловіч, Менск

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG