Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сёньня


Са 101 прэтэндэнта на дэпутацкі мандат, якія мелі намер весьці барацьбу на Гомельшчыне за месца ў гэтак званай “Палаце прадстаўнікоў”, перадвыбарчую агітацыю ў 17 акругах распачалі толькі 78 кандыдатаў. Асобныя адмовіліся дабрахвотна, а пятую частку прэндэнтаў акруговыя камісіі не зарэгістравалі кандыдатамі ў дэпутаты.

Па аднаму кандыдату яшчэ на этапе рэгістрацыі страцілі лібэральныя дэмакраты, Партыя народнае згоды, камуністы. Але найбольшыя страты панесьлі сябры Сацыял-Дэмакратычнае партыі «Народная Грамада». Ніводзін зь іх у нашым рэгіёне пакуль што не атрымаў пасьведчаньне кандыдата. Трое “народаграмадоўцаў” — Віктар Адзіночанка, Валеры Новак і Ўладзімер Башарымаў з гомельскіх гарадзкіх акругаў за нумарамі 35, 36 і 37 — абскардзілі рашэньні акруговых камісіяў у Цэнтарвыбаркам, мяркуючы, што камісіі наўмысна перапынілі іхную перадвыбарчую барацьбу, каб расчысьціць дарогу афіцыйным кандыдатам у дэпутаты.

Заўтра Цэнтарвыбаркам разгледзіць апеляцыі гамельчукоў.

Цяжка сказаць, якімі будуць высновы, паколькі кіраўнік дзяржавы, Аляксандар Лукашэнка, будучы напрыканцы мінулага тыдня на Беларускім мэталюргічным заводзе ў Жлобіне, ужо публічна ўхваліў дзеяньні акруговых камісіяў і Цэнтарвыбаркаму:

“Я, вылятаючы сюды, атрымаў вусны даклад старшыні Цэнтарвыбаркаму. Усе знакавыя фігуры, якія так крычалі гвалтам, што іх душыць улада, тысячы подпісаў не маглі сабраць паводле закону. Усе, падкрэсьліваю, усе… не згадваючы прозьвішчаў. А некаторыя зь іх марылі, што, падаўшы дакумэнты не паводле закону, мы ім адмовім у рэгістрацыі.

Я вельмі ўдзячны кіраўнікам акруговых камісіяў, іх сябрам, нашай Цэнтральнай камісіі, сябрам Цэнтральнае камісіі, што яны знайшлі магчымасьць іх усіх зарэгістраваць. Усіх, якія нават не хацелі”, — сказаў Аляксандар Лукашэнка.

Казімер Яноўскі, Гомель

XS
SM
MD
LG