Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сёньня


Кіраўнік аддзелу расейскага тэлеканалу ОРТ Павал Шарамет занепакоены тым, што арганізатары выкраданьня ягонага калегі, апэратара Зьмітра Завадзкага ня будуць знойдзеныя ніколі. Шарамет таксама перакананы, што ў зьнікненьні вядомых апазыцыянэраў асабіста вінаваты Аляксандар Лукашэнка, экс-міністар унутраных справаў Юры Сівакоў і дзяржаўны сакратар Рады Бясьпекі Віктар Шэйман.

Сёньня мінула 70 дзён, як таямніча зьнік апэратар ОРТ Зьміцер Завадзкі. З гэтае нагоды шэф і сябра Зьмітра, Павал Шарамет разам з кіраўніцтвам Беларускай асацыяцыі журналістаў правялі прэсавую канфэрэнцыю.

Гаворыць Павал Шарамет:

“Я папрасіў правесьці прэсавую канфэрэнцыю пра зьнікненьне Зьмітра Завадзкага, бо ў ходзе сьледзтва абазначыўся паварот, які вельмі моцна нас непакоіць. Тую паўзу, што мы вытрымалі на просьбу беларускіх уладаў (і таксама самі спадзяваліся, што гэтая паўза дапаможа паўплываць на расьсьледваньне), яна, на наш погляд, згубіла ўсялякі сэнс і прыносіць шкоду”, — заявіў Павал Шарамет.

Паводле словаў Шарамета, цяпер сьледзтва адпрацоўвае толькі адну вэрсію. Галоўныя падазроныя ў гэтай справе — былы супрацоўнік спэцпаддзелу МУС “Алмаз” лейтэнант Ігнатовіч і пяць ягоных паплечнікаў — былых спэцназаўцаў. Усе арыштаваныя — сябры прафашыстоўскай арганізацыі РНЕ.

Павал Шарамет гаворыць, што выкраданьне Завадзкага было помстаю Ігнатовіча апэратару ОРТ, які ў адным са сваіх інтэрвію “Белорусской деловой газете” распавёў пра тое, як былы “алмазавец” ваяваў у Чачні на баку партызанаў і быў затрыманы фэдэраламі. Праўда, Шарамет кажа, што сам Зьміцер у Чачні зь Ігнатовічам не сустракаўся, а толькі чуў пра яго затрыманьне ад расейскага генэрала Бяспалава.

Так, паводле інфармацыі расейскіх вайскоўцаў, Ігнатовіча затрымалі АМАПаўцы ў высакагорным паселішчы Шалі. Ён быў апрануты ва ўніформу РНЕ і сьцьвярджаў, што нелегальна прыехаў у Чачню, каб дапамагаць фэдэралам. Праўда контраразьведку насьцярожыў той факт, што ў Ігнатовіча былі знойдзеныя расейскія грошы старога ўзору, якія чачэнскія маджахеды выкарыстоўваюць у якасьці таемных знакаў-пароляў.

Паводле словаў Шарамета, пад час аднаго з допытаў былы “алмазавец” нават прызнаўся, што быў інструктарам у лягеры палявога камандзіра Хатаба, але пазьней ад сваіх словаў адмовіўся. Паколькі доказаў віны Ігнатовіча было недастаткова, расейцы яго адпусьцілі, а затрымалі яго ў Беларусі, падазраючы ў забойствах азэрбайджанскае сям’і ў Менску і лідэра мясцовага РНЕ Глеба Самойлава. Апошняга, паводле словаў Шарамета, паплечнікі Ігнатовіча забілі таму, што той няспынна папракаў Ігнатовіча ў здрадзе “расейскай ідэі” і ва ўдзеле ў вайне на баку чачэнцаў.

Кіраўнік спэцпраектаў ОРТ кажа, што Ігнатовіч і ягоныя сябры, хутчэй за ўсё, і выкралі Завадзкага, а таксама, магчыма, мелі дачыненьне да выкраданьня іншых вядомых асобаў. Аднак Ігнатовіч і ягоныя сябры не прызнаюцца ў гэтым. Паўла Шарамета непакоіць тое, што справу Завадзкага аб’ядналі з эпізодамі забойстваў азэрбайджанцаў і Самойлава, і перадалі ў Генэральную пракуратуру.

На думку Шарамета, улады не зацікаўленыя ў раскрыцьці гэтага злачынства. Цяпер можа паўтарыцца тое, што было са справаю забойства Мікалуцкага, калі арганізатары злачынства так і не былі знойдзеныя. Дарэчы агульны кантроль за справаю Завадзкага зьдзяйсьняе намесьнік міністра ўнутраных справаў Лапацік, той самы, які кантраляваў справу Мікалуцкага.

Шарамет перакананы, што зьнікненьні вядомых у краіне асобаў зарганізавалі вышэйшыя чыноўнікі:

“Я лічыў і працягваю лічыць — гэта маё перакананьне — што да зьнікненьня Зьмітра Завадзкага маюць дачыненьне беларускія спэцслужбы і асабіста Аляксандар Лукашэнка. Да зьнікненьня Захаранкі мае дачыненьне Сівакоў, да зьнікненьня Ганчара — асабіста Шэйман. Але і адзін, і другі без загаду Лукашэнкі, натуральна, нічога не змаглі б зрабіць”, — паведаміў Павал Шарамет.

Журналіст ОРТ таксама паведаміў, што ў КГБ заведзеная справа й на яго самога, і за ім у Менску няспынна сочаць. Паводле словаў Шарамета, спэцслужбы, у прыватнасьці, цікавяцца матэрыяламі новага фільму Шарамета пра зьніклых у Беларусі пад назваю “Людзі на балоце”.

Альгерд Невяроўскі, Менск

XS
SM
MD
LG