Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сёньня


Сёньня ў швэдзкім горадзе Гётэборгу працягвалася праца беларускага павілёну на швэдзкім кірамашы кнігі. Нашай карэспандэнтцы ўдалося ўзяць кароткае інтэрвію ў прэм’ер-міністра Швэцыі Ёрна Пэрсана.

Сёньня беларускі павілён, аздоблены нацыянальнымі колерамі, белы, з чырвонымі надпісамі Vitrysland, што па-швэдзку “Беларусь”, быў ці не самым папулярным. Надзвычайна прадуманая швэдзкім бокам арганізацыя: 30 тысячаў інфармацыйных бюлетэняў, на відэатаблё дэманстрацыя твораў сучаснага альтэрнатыўнага мастацтва Беларусі, абразы Чарнобылю і дабраахвотная праца швэдаў са швэдзкага інстытуту.

Сёньня прадстаўнік Асацыяцыі сучаснага мастацтва Дзяніс Раманоўскі распавёў пра разьвіцьцё альтэрнатыўнага мастацтва ў Беларусі, цэнзураваньне выстваў і адсутнасьць прыватных і самастойных галерэяў. Па-швэдзку сёньня гучэлі вершы Рыгора Барадуліна, Алеся Разанава і БумБамЛітаўцаў Сяржука Мінскевіча, Зьміцера Вішнёва, Алеся Туровіча. Іх чытала перакладчыца Хайста Йоберг. Кінарэжысэр Віктар Дашук, які прыбыў у Швэцыю з турнэ, падчас якога дэманструе свае фільмы і гаворыць пра палітычныя рэаліі, сёньня пасьледаваў настрою Васіля Быкава: моцны пэсымізм у ацэнцы. З досьведу замежных паездак Віктар Дашук зрабіў выснову, што часта Беларусь ведаюць, бо ёю кіруе Аляксандар Лукашэнка. Віктар Дашук сёньня не дэманстраваў свае фільмы з прычыны рэглямэнту, а паказаў публіцы газэту “Народная Воля” з фотаздымкамі зьніклых і рэпрэсаваных палітыкаў, бізнэсоўцаў і апэратара Зьміцера Завацкага.

Швэдзкія сацыял-дэмакраты і беларускай апазыцыя працягваюць акцыю “Стоп Лука”: працуе вэб-сайт, на які можна дасылаць лісты, выдадзеная каляровая брашура са зьвесткамі пра яе, маніторынгам перасьледу ўладамі палітычных апанэнтаў, кантактамі і каардынатамі партыі Народная Грамада. Сёньня ў праграме швэдзкага кірмашу кнігі адбылася прэзэнтацыя акцыі “Стоп Лука”, і наведнікі літаральна расхоплівалі гэтыя праспэкты.

Пры канцы дня ў беларускі павілён завітаў швэдзкі прэм’ер-міністар Пэрсан. Ён паціскаў рукі беларусам і гаварыў, што Швэцыя рабіла шмат і будзе надалей рабіць шмат для дэмакратызацыі Беларусі. Спадар Пэрсан падкрэсьліў, што ягоная краіна нязьменная ў пазыцыі – Беларусь мусіць быць у Эўропе. Старшыня сацыял-дэмакратаў Швэцыі, прэм’ер Пэрсан сам ўзгадаў пра акцыю “Стоп Лука” і пажадаў удзельнікам імпрэзы ўдачы. Спадар Пэрсан не плянаваў ніякіх сустрэчаў з журналістамі, але калі я прадставілася, што з Беларусі, ён спыніўся і знайшоў час для адказу на пытаньні пра далейшую замежную палітыку швэцыі ў дачыненьні да Беларусі:

(Пэрсан: ) “Адзін з найбольш істотных момантаў, гэта сканцэнравацца на дэмакратычным разьвіцьці Беларусі, а таксама падтрымаць дэмакратычныя працэсы ва Ўкраіне і, канешне, падтрымаць разумныя сілы ўнутры Расеі. У хуткім часе я буду мець сустрэчу з прэзыдэнтам Пуціным. Мы будзем абмяркоўваць сытуацыю ў Расеі і супрацоўніцтва Расеі з Эўрапейскім Зьвязам. У часе сустрэчы я ўздыму пытаньне пра сытуацыю на Беларусі”.

Вольга Караткевіч, Гётэборг

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG