Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сёньня


(эфір 14 верасьня)
Сёньня ўвечары ў Гётэборгу ў межах праграмы швэдзкага кірмашу кнігі адбылася сустрэча Васіля Быкава з журналістамі і наведнікамі беларускага павілёну.

Вядучы імпрэзы, слынны культурны дзяяч Швэцыі Арні Роўт, заўважыў, што нягледзячы на тое, што па-швэдзку Быкава можна пачытаць ня шмат (перакладзены толькі “Кар’ер”), перад аўдыторыяй асоба, якая стала сумленьнем ці каталізатарам сумленьня нацыі.

Быкаву было зададзенае пытаньне, як яму ўдалося сказаць праўду пра вайну, і як мянялася сьветаўспрыманьне пісьменьніка да 1998 году і пасьля. Васіль Быкаў тонка заўважыў, што наўпроставы – не найлепшы спосаб кантакту з публікай, лепш – праз кнігі.

Але ў выпадку Швэцыі спрацавала тэорыя: прырода пустой не бывае. Як кніжкі, дык сам Быкаў тут. Што да праўды ў творчасьці, то паводле Быкава, ўсёй праўды ён не сказаў, і не таму, што было шмат чытачоў у пагонах, а таму, што ў рэалістычнай літаратуры цяжка выказаць праўду, і на вялікую праўду патрэбны вялікі талент.

Швэды цікавіліся, якой бачыць пэрспэктыву сваёй краіны Васіль Быкаў. Пісьменьнік прыгадаў часы, калі пісаў свой твор “Сьцяна” пра чалавека, які вырываецца з турмы і патрапляе ў наступную вязьніцу. Гэта быў пэрыяд да прыходу да ўлады Аляксандра Лукашэнкі. Тады нацыянальная беларуская дэмакратыя зрабіла вельмі шмат для абуджэньня нацыі, але Быкаў прадчуваў нашэсьце новай сьцяны.

“Сьцяну” Быкаў прысьвяціў свайму сябру, паэту Рыгору Барадуліну, верш якога “Марк Шагал” у перакладзе на швэдзкую мову можна пачытаць на гэтай імпрэзе. Быкаў заўважыў, што савецкія настаўнікі пераконвалі ў станоўчай выхаваўчай ролі літаратуры. Аднак напрыканцы ХХ стагодзьдзя, калі людзі забіваюць адно аднаго зь ня меншым імпэтам, як раней, сур’ёзны літаратар ставіць пытаньне: дзеля чаго літаратура? Быкаў адказвае, што, відаць, дзеля таго, каб бавіць час падчас вандровак ці на ўік-эндах.

“Перакананы пэсыміст” – паказаў мне надпіс па-швэдзку Майкл Вейнярскі, які гэтымі словамі назваў сваё інтэрвію з Быкавым. Пасьля ізноў было пытаньне пра Беларусь і народны пісьменьнік, творы якога на Радзіме не друкуюцца, працытаваў словы расейскага палітыка, прэзыдэнта Чувашыі Фёдарава: “Чорная дзірка на мапе Эўропы”.

Швэды, якія глыбока перакананыя, што нясуць адказнасьць за дэмакратыю ва ўсёй Эўропе, пыталіся, што Эўропа можа зрабіць для зьменаў у Беларусі. Васіль Быкаў адзначыў, што, паводле ягонага перакананьня, дэмакратыя бясьсільная перад дыктатурай. Гэта розныя субстанцыі, рознага паходжаньня. Дыктатар можа прызнаваць Дэклярацыю правоў чалавека, але ўсе яе пункты разам нічога ня значаць перад 15-тысячным узброеным аддзелам ўнутраных войскаў, якія дыктатар кідае на вуліцы гораду, калі туды выходзяць тыя, хто прагне свабоды.

Вольга Караткевіч, Гётэборг

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG