Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сёньня


(эфір 14 верасьня)
Шэраг вядомых палітыкаў, якія намагаліся прайсьці ў “Палату прадстаўнікоў” на будучых выбарах, акзаліся незарэгістраванымі акруговымі камісіямі. Cьпіс тых, каму не пашэнціла, папоўнілі Тацяна Ваніна, Юлія Чыгір, Віктар Ярашук, Леанід Злотнікаў і Гары Паганяйла.

У сямействе Чыгіроў ужо зьявілася перашая ахвяра пільнасьці кантралёраў за тым, ці дакладна сабраныя подпісы выбаршчыкаў. Слуцкая акруговая камісія не зарэгістравала жонку экс-прэм’ера Юлію Чыгір. Камісія палічыла, што з тысячы подпісаў больш за сто сабраныя з рознымі парушэньнямі. Юлія Чыгір лічыць, што яе выключылі зь ліку прэтэндэнтаў на мандат ў лукашэнкавы парлямэнт незаконна.

(Чыгір: ) “Абурыла іх нахабнасьць, нейкае неразуменьне таго, што яны робяць. Па-сутнасьці, адбывалася злачынства з боку выбарчай камісіі, з боку яе старшыні Андрушкевіча. Ён нават не паказаў тыя подпісы, якія забракаваныя”.

Яна заяўляе, што яе зьбіральнікі подпісаў дзейнічалі ў адпаведнасьці зь інструкцыямі старшыні камісіі Андрушкевіча, але потым ён зьмяніў свае парады, прычапіўся да дробных недахопаў і пераканаў астатніх сяброў камісіі, што кандыдатуру Чыгір зацьвярджаць ня трэба. Паводле Юліі Чыгір, старшныня таксама абвінаваціў яе ў выкарыстоўваньні аўтарытэту дзейнага прэм’ера Ярмошына. Андрушкевіч заявіў, што памочнікі жонкі Чыгіра пад час збору подпісаў быццам бы не ўдакладнялі, што агітуюць за жонку былога, а ня дзейнага прэм’ера. Гэтую заяву Юлія Чыгір лічыць абразаю і зьбіраецца падаць на старшыню камісіі ў суд.

Цікава, што разам з жонкаю былога прэм’ера ў той жа Слуцкай акрузе не зарэгістравалі дэпутата лукашэнкавага сходу, былога міліцыянта Міколу Карпіевіча, які ў Вярхоўным Савеце 13-га скліканьня ўзначальваў камісію бясьпекі. Паводле зьвестак, Карпіевічу ўлады вызначылі для выбараў акругу ў Дзяржынскім раёне, але там вырашыў балятавацца ягоны брат, мясцовы “вэртыкальшчык” і Карпіевіч ўсё ж паспрабаваў зарэгістравацца ў Слуцкім раёне. Але гэтую акругу ўжо замацаваў за сабою лідэр БПСМу Ўсевалад Янчэўскі. “У маёй акрузе ўсё рабілася, каб расчысьціць Янчэўскаму шлях у дэпутаты. У выніку нават Карпіевічам ахвяравалі, а Янчэўскага зарэгістравалі безь якіх бы то праблемаў, хаця за яго агітаваў старшыня выбарчае камісіі Андрушкевіч, што зьяўляецца парушэньнем Выбарчага кодэксу”, —мяркуе Юлія Чыгір.

Паводле зьвестак зь Дзяржынскай акругі, там не зарэгістравалі вядомую актывістку жаночага руху, намесьніцу рэдактара газэты “Беларуская маладзёжная” Тацяну Ваніну. Прычына адмовы — таксама быццам бы знайшлі парушэньні ў сьпісах подпісаў. З-за такіх жа прычынаў не зарэгістраваныя ў Менску вядомы эканаміст Леанід Злотнікаў і адвакат Гары Паганяйла, а ў Пінску адмоўлена ў рэгістрацыі актывісту “Народнае Грамады” Віктару Ярашуку. Паводле зьвестак, подпісы, сабраныя за Ярашука, спраўджвалі асабіста кіраўнікі раённага выканкаму й мясцовы актывіст БПСМ.

А вось рашэньне адносна экс-прэм’ера Міхала Чыгіра дагэтуль не прынятае. Акруговая камісія пачала паседжаньне а чацьвертай гадзіне апоўдні, прычым за зачыненымі дзьвярыма. Міхалу Чыгіру абвесьцілі, што рашэньне будзе прынятае не раней за поўнач, і таму яму паведамяць пра яго ўранку. Між тым кіраўнік акруговае камісіі Тацяна Краўчанка ўжо пасьпела заявіць актывістам групы падтрымкі Чыгіра, што ў камісіі ёсьць шмат прэтэнзіяў да подпісаў, сабраных за экс-прэм’ера.

Алег Грузьдзіловіч, Менск

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG