Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сёньня


Учора ўвечары ў шпіталі пад Парыжам памёр шматгадовы рэдактар польскага эміграцыйнага часопісу “Культура” Ежы Гедройць. Рэпліка Сяргея Шупы.

Ёсьць людзі, пра якіх уяўляеш сабе, што яны будуць жыць вечна. І раптам настае дзень, калі нехта ТАКІ памірае – пакідаючы па сабе пустку, якую, бадай, не запоўніць ніхто.

Сёньня раніцай, калі мы рыхтавалі перадачу віленскай рэдакцыі Балтыйскіх Хваляў, ад адной мілай суразмоўніцы з Парыжу прыйшла кароткая – на два радкі – вестка: «14 верасьня 2000 году ў 23.30 у веку 94 гадоў у шпіталі мястэчка Мэзон-Ляфіт пад Парыжам памёр рэдактар Ежы Гедройць».

Постаць легендарнага польскага парыжаніна Ежы Гедройця можна бачыць з розных бакоў. Для адных — гэта шматгадовы рэдактар уплывовага польскага эміграцыйнага месячніка «Культура», вагу якога за апошнія паўстагодзьдзя цяжка перацаніць. Для іншых — гэта рэлікт старасьвецкай арыстакратыі, апошні прадстаўнік вымерлай расы крэсовых зуброў. Для большасьці з нас, беларусаў — гэта зямляк, адзін з кагорты славутасьцяў сьвету, што нарадзіліся на нашай зямлі, у Менску эпохі рэвалюцыяў і адраджэньняў. Хочацца аднак зазначыць і іншую супольную Бацькаўшчыну — Усходнюю Эўропу, краіны і народы якой аб’яднаў у ХХ стагодзьзі адзіны лёс, адзіны боль і адзінае адчуваньне свайго месца ў сьвеце — паміж Захадам і Расеяй.

Адыход аднаго з патрыярхаў Нашай Эўропы станецца, мабыць, знакам заканчэньня цэлай эпохі — эпохі інтэлектуальнага супраціву, культурнага супрацьстаяньня таталітарызму, рамантычнай эпохі падпольля і дысыдэнцтва, калі дэмакратыя заставалася далёкім, чыстым і простым ідэалам, калі лёгка было зразумець – што чорнае, а што белае, што добрае, а што дрэннае. Сёньня надыйшлі іншыя часы, пара сапраўднага жыцьця з усімі ягонымі цяжкасьцямі і расчараваньнямі. Ад весткі пра сьмерць старога, дасьведчанага й мудрага Ежы Гедройця душу напаўняе самота.

Сяргей Шупа, Вільня

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG