Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сёньня


(эфір 16 верасьня)
Навіны культуры мінулага тыдня.

Аб’яднаньне “Белпошта” выпусьціла ў продаж сэрыю марак і капэртаў, прысьвечаныя Алімпійскім гульням у Сыднэі. Маркі аздобленыя выявамі гімнаста, весьляра й лёгкаатлета: менавіта на гэтыя віды спорту Беларусь ускладае асаблівыя надзеі. Аўтар сэрыі — вядомы дызайнэр Аляксандар Зіменка.

На Менскім трактарным заводзе адлілі з бронзы скульптуру Эўфрасіньні Полацкае. Помнік асьветніцы, створаны паводле праекту Ўладзімера Голубева, будзе ўсталяваны ў Полацку на прыватныя ахвяраваньні (сабрана ўжо больш за 7 мільёнаў рублёў). Тым часам Міністэрства культуры фінансуе конкурс праектаў помніку Пятру Машэраву. Манумэнт, які мусіць сымбалізаваць настальгію па Савецкай Беларусі, будзе ўсталяваны насупраць самога міністэрства, ля Палацу спорту.

Беларускія выканаўцы ўпершыню ўзялі ўдзел у міжнародным фэстывалі “Славянскі базар” у Кіеве. Летась нашую краіну там прадстаўляў толькі сябра журы кампазытар Эдуард Ханок. Сёлета журы кіеўскага фэстывалю ачольваў славуты француз Мішэль Лёгран. Беларуска Сьвятлана Вежнавец у конкурсе маладых выканаўцаў заняла пачэснае другое месца.

Каля ста маладых мастакоў бяруць удзел у выставе “Новыя імёны”, што адчынілася ў Нацыянальнай мастацкай галярэі. Спэктар прадстаўленых жанраў надзвычай шырокі: ад батлейкі — да боды-арту. У межах вэрнісажу прайшоў фэстываль беларускае шаманскае музыкі й паэзіі. Тэатар Псыхічнае Неўраўнаважанасьці паказаў свой новы спэктакаль “Бязногія дзеці ўвойдуць у кожны твой сон”.

1 кастрычніка ў новым будынку амбасады Летувіскае Рэспублікі на вуліцы Захарава пачне дзейнічаць школа летуаністыкі. Да навучаньня летувіскай мове й культуры запрашаюцца ня толькі дарослыя, але й дзеці.

У Браслаўскім краязнаўчым музэі праходзіць выстава клясыка беларускага мастацтва Пётры Сергіевіча, які нарадзіўся на Браслаўшчыне 100 гадоў таму. Экспануюцца асабістыя рэчы мастака, а таксама 15 твораў графікі й жывапісу. Сергіевіч стварыў каля 600 палотнаў, але большасьць зь іх захоўваецца ў Вільні, дзе пахаваны й сам мастак.

У Дубліне адбыўся дабрачынны канцэрт “Сымфонія для Чарнобылю”, у якім узялі ўдзел Нацыянальны сымфанічны аркестар Ірляндыі пад кіраўніцтвам беларускага дырыжору Аляксандра Анісімава й салістка Вялікага акадэмічнага тэатру опэры Рэспублікі Беларусь Вікторыя Курбацкая.

Лепшыя навучэнцы ліцэю пры Беларускай Акадэміі музыкі выступяць на Бэтховэнскім фэстывалю, які пройдзе ў Боне з 24 па 30 верасьня. Юныя беларускія піяністы выканаюць на радзіме вялікага кампазытара ўсе 9 сымфоніяў Бэтховэна, якія пераклаў для фартэпіяна Фэрэнц Ліст.

Рэдактар тэлешоў “Bonton” і натхняльнік фэстывалю авангардавае моды “Мамант” Юры Брэвус запрашае маладых мадэльераў узяць удзел у чарговым, сёмым фэстывалю, які адбудзецца, як звычайна, адразу пасьля Калядаў. Конкурс экстравагантных мадэляў будзе складацца з намінацыяў “Ёлкі-палкі”, “Ёжкаў кот”, “Ёклмн” і “Ё-маё”.

Юрась Барысевіч, Менск

XS
SM
MD
LG