Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сёньня


(эфір 13 верасьня)
Апублікаваная пастанова Цэнтральнае выбарчае камісіі, якая рэглямэнтуе парадак выкарыстаньня дзяржаўных мэдыяў у выбарнай кампаніі. Незалежным выданьням прадпісана даваць магчымасьць выступіць на сваіх старонках усім кандыдатам у дэпутаты, якія гэтага пажадаюць.

Кожны кандыдат у дэпутаты на працягу двух дзён пасьля рэгістрацыі павінен паведаміць рэдакцыі мясцовай або цэнтральнай газэты пра свой намер апублікаваць перадвыбарную праграму. Тэкст праграмы, які ня мусіць перавышаць дзьве машынапісныя старонкі, можа быць апублікаваная ў наступных газэтах: “Звязда”, “Народная газета”, “Рэспубліка”, “Белорусская ніва”, “7 дней”, “Знамя юності”, “Чырвоная зьмена”.

Як было аб’яўлена яшчэ раней, з гэтага сьпісу дзяржаўных выданьняў выключаная “Советская Белоруссия”, паколькі яе паўмільённы наклад непараўнальны з накладамі іншых выданьняў. Кандыдату таксама даецца 5 хвілінаў бясплатнага часу на абласных радыё і тэлевізіі. У гэтым сэнсе адчувальную перавагу атрымалі сталічныя кандыдаты, якія з-за адсутнасьці менскае абласное тэлестудыі будуць выступаць на Нацыянальным тэлеканале. Іхныя “праграмныя 5-хвілінкі” будуць трансьлявацца штодзённа ад 18 да 19 гадзінаў…

Рэдактары тых дзяржаўных газэтаў, якія павінны будуць друкаваць праграмы кандыдатаў, адмаўляліся як-небудзь пракамэнтаваць для радыё Свабода пастанову Цэнтарвыбаркаму. Вось, напрыклад, даволі тыповая рэакцыя — гэта галоўны рэдактар “Народнай газеты” Міхал Шыманскі.

(Шыманскі: ) “Я яшчэ не азнаёміўся…Калі іх будзе шмат, дык гэта лухта… Не магу я ведаць. Я толькі сёньня прачытаў, і яшчэ званіў у Цэнтрвыбаркам, але іх там няма нікога. Ня ведаю, нічога не магу сказаць”.

Гэта быў разгублены рэдактар “Народнай газеты” Міхал Шыманскі, які пакуль ня ведае, як ён здолее выканаць распараджэньне Цэнтарвыбаркаму.

Але ў пастанове камісіі ўзгаданая і недзяржаўная прэса. Ёй прысьвечаны, бадай, самы супярэчлівы, апошні, 13-ты пункт пастановы. У ім сказана: “Калі недзяржаўным сродкам масавай інфармацыі прадастаўленая магчымасьць выступу аднаму з кандыдатаў ў дэпутаты Палаты Прадстаўнікоў, дык такая магчымасьць павінна быць прадстаўленая ўсім кандыдатам у дэпутаты, выявіўшым жаданьне выступіць у гэтым жа СМІ”.

Намесьнік старшыні Цэнтральнае Выбарчае камісіі Іван Ліхач патлумачыў мне, што размова тут ідзе пра кандыдатаў з аднае акругі. А пад словам “выступ” маецца на ўвазе любое інтэрвію, любое паведамленьне пра дзейнасьць кандыдата. Такім чынам, калі нейкая газэта надрукуе інтэрвію, напрыклад, з Чыгіром, ці Канаплёвым, ці Пашкевічам, дык яна забавязаная будзе апублікаваць матэрыялы з усімі іхнымі супернікамі ў акругах.

Наколькі гэта рэальна — забясьпечыць роўныя ўмовы? Вось што лічыць намесьніца рэдактара БДГ Ірына Халіп:

(Халіп: ) “Гэта абсалютна нерэальная задача, як і многія з тых, што ставіць перад намі і перад кандыдатамі ў дэпутаты Цэнтарвыбаркам, але ж гэта нармальная, мне здаецца, папяровая вайна, якая вядзецца на працягу ўжо 5 год і будзе яшчэ весьціся, і ўсе ўжо да яе прывыклі, усе ўжо прывыклі не зьвяртаць увагі на чарговыя пастановы”.

(Карэспандэнт: ) “Дзяржаўныя выданьні, яны будуць даваць роўныя магчымасьці кандыдатам у дэпутаты?”

(Халіп: ) “Дзяржаўныя сродкі масавай інфармацыі ніколі не выконвалі ніякіх пастановаў Цэнтарвыбаркаму, і я вельмі сумняюся, што зараз яны прадаставяць нейкія рэальна аднолькавыя магчымасьці, але ўсё ж я спадзяюся, што нам будзе прасьцей, таму што наўрад ці кандыдаты ад улады пабягуць са сваёй агітацыяй у рэдакцыю “БДГ”. Хто ведае, калі ім гэта ўзгадаюць?”

Гаварыла намесьніца рэдактара БДГ Ірына Халіп. Тым часам Цэнтарвыбаркам утварыў Грамадзкую Раду, якая закліканая будзе сачыць за выкананьнем прынцыпу роўных магчымасьцяў для кандыдатаў.

Віталь Цыганкоў, Менск

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG