Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сёньня


Адзiны курс абмену замежных валютаў, які абяцаў з 14 верасьня Нацыянальны банк Беларусi, як выявілася, не абсалютна адзiны — пэўная розьнiца памiж асобными сэгмэнтамi валютнага рынку застаецца, i спэцыялiсты мяркуюць, што зь цягам часу яна можа павялiчыцца.

“Белы”, або “чысты” чацьвер, як ужо ахрысьцiлi доўгачаканы дзень усталяваньня Нацыянальным банкам адзiнага абменнага курсу, пакуль праявiўся толькi на Беларускай валютна-фондавай бiржы. Сёньня дзьве сэсii валютных таргоў — асноўная i дадатковая — былi аб''яднаныя ў адну, i курс даляра цяпер складае 1020 рублёў. Прасьцей кажучы, Нацыянальны банк дапасаваў курс асноўнае сэсii, дзе замест таргоў адбывалася разьмеркаваньне валюты па занiжаным кошце, да курсу дадатковае сэсii, якi быў збольшага рэальны.

Нацыянальны банк абяцае, што курс валютаў на гэтай адзiнай сэсii будзе фармавацца на падставе сапраўдных попыту ды прапановы, а папярэдняга адбору замоваў на куплю замежнае валюты цi якiх-небудзь абмежаваньняў на ўдзел у таргох для прадпрыемстваў ужо ня будзе. Афiцыйны курс замежных валютаў да беларускага рубля, гэта той самы курс Нацыянальнага банку, будзе вызначацца паводле вынiкаў таргоў на адзiнай сэсii валютна-фондавае бiржы.

У паведамленьнi iнфармацыйнае ўправы Нацыянальнага банку сьцьвярджаецца, што рэгуляваньне афiцыйнага курсу будзе ажыцьцяўляцца эканамiчнымi мэтодамi шляхам куплi-продажу валюты на адзiнай сэсii, адначасова будзе зрэалiзаваны комплекс захадаў у сфэры грашова-крэдытнае палiтыкi з мэтаю стабiлiзацыi курсу беларускага рубля.

Сёлета беларускi рубель сапраўды стабiльны. Незалежныя эканамiсты прагназавалi, што мяжу 1 тысяча рублёў за даляр нацыянальная валюта пяройдзе разам з другой дэнамiнацыяй, у студзенi. Але за восем апошнiх месяцаў курс зьмянiўся нязначна.

Сёньня пункты абмену валюты «Белбiзнэсбанку» ды «Пріорбанку» куплялi даляр за 1020 рублёў, а прадавалi за 1030. Гэта супадае з афiцыйным курсам Нацыянальнага банку. Але на чорным рынку Менску, паводле зьвестак агэнцыi Ўладзiмера Граўцова, за даляр сёньня давалi на 20 рублёў больш — 1040 купля, 1050 продаж.

Вядома, што ў цяперашнiх умовах гэтым чорным курсам будуць карыстацца або зусiм бедныя людзi, якiя мяняюць апошнюю валюту i для якiх нават 20 рублёў маюць сэнс, або вельмi багатыя, бо калi патрэбна шмат даляраў, у абменны пункт ня пойдзеш — там такой колькасьці валюты найчасьцей няма. Гэта асаблiва тычыцца паўлегальных гандляроў, якiм трэба мяняць рублёвую выручку на даляры. Дый прадаць вялiкiя даляравыя сумы ў iхнай сытуацыi лепш валютчыку — 20 рублёў розьнiцы вядуць да адчувальнае выгоды. Сярэдняя ж кляса, прынамсi ў Менску, ужо некалькi месяцаў карыстаецца афiцыйнымi мяняльнымi канторамi.

Цiкава, што тэарэтычна зараз кожны можна рабiць грошы на гэтай рознiцы: купляць даляры ў банку за 1030 ды здаваць валютчыку за 1040.

Акрамя адзiнага афiцыйнага курсу Нацыянальнага банку ды курсу абменных пунктаў (будзем лiчыць гэта першым курсам) i курсам чорнага рынку (гэта другi), у Беларусi пакуль засталіся яшчэ два курсы. Трэцi курс фiксуецца на мiжбанкаўскiм рынку нерэзыдэнтаў — сёньня ён складаў 1025-1035 рублёў за даляр, што ўсё ж адрозьнiваецца ад афiцыйнага. А чацьверты курс выкарыстоўваюць гандлёвыя фiрмы: тут купля складае 1080 рублёў за даляр, а продаж ужо 1140. Апошняя лiчба больш як на адзiн адсотак вышэйшая за афiцыйны курс.

Вядома, жыхары Беларусi, якiя бачылi розьнiцу памiж курсамi нават у дзьве-тры сотнi адсоткаў, цяпер могуць не зьвяртаць на гэта ўвагу, але экспэрты кажуць, што нерэфармаваная эканомiка ня можа гарантаваць сталага курсавога калiдору. Нават Нацыянальны банк пакiнуў на гэтак званы «люфт» 5 адсоткаў ад афiцыйнага курсу. Але Нацыянальны банк можа кантраляваць толькi абменныя пункты.

Варта нагадаць, што 5 год таму Беларусь ужо жыла з адзiным курсам даляру, што цягам некалькiх месяцаў складаў 11.500 беларускiх рублёў памеру першае прэзыдэнцкае дэнамiнацыi. Але потым Нацыянальны банк замарозiў афiцыйны курс, а рэальны жыў сваiм жыцьцём, таму і ўтварылася вялiкая розьнiца, якую сёньня нарэшце перамаглi.

Цi надоўга? — задаюць пытаньне эканамiсты-пэсымiсты.

Юры Сьвiрко, Менск

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG