Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сёньня


Кампанія бойкоту выбараў сутыкнулася з супярэчнасьцямі ў беларускім заканадаўстве. Новы Выбарчы кодэкс дазваляе байкот. У той жа час працягвае дзейнічаць артыкул 167.3 Адміністрацыйнага кодэксу, паводле якога накладаюцца пакараньні за заклікі да зрыву выбараў. Супярэчнасьць выклікае канфлікты паміж апазыцыяй і праваахоўнымі ворганамі, а таксама судовай уладаю. На просьбу нашага радыё заканадаўчую калізію прааналізаваў экспэрт Беларускага цэнтру канстытуцыяналізму й параўнаўча-праўных дасьледаваньняў Сяргей Альфер.

(Альфер: ) “Гэта толькі першыя ластаўкі прыцягненьня да адказнасьці тых людзей, якія будуць заклікаць да байкоту выбараў. Гэтыя прыцягненьні да адказнасьці не заснаваныя на законе, паколькі закон дазваляе байкатаваць выбары з моманту абвяшчэньня выбараў і да пачатку галасаваньня. З гэтым згодная і старшыня Цэнтарвыбаркаму Лідзія Ярмошына, якая ў сваіх выступах гаворыць, што байкатаваньне дазваляецца. Прыцягненьне да адміністрацыйнай адказнасьці актывістаў – гэта няведаньне заканадаўства нашымі судзьдзямі, пэўнымі чыноўнікамі. Існуе ўплыў на іх…”

(Карэспандэнт: ) “Як сталася, што існуюць разыходжаньні паміж адміністрацыйным і выбарчым кодэксамі?”

(Альфер: ) “Да Лукашэнкі выбарчае заканадаўства ня мела часткі, якая б прадугледжвала адказнасьць за байкот выбараў. Але сьвядомасьць нашых чыноўнікаў не разумее шматграннасьці выбарчага працэсу, і таму ў кодэкс аб адміністрацыйных правапарушэньнях быў уведзены артыкул аб адказнасьці за заклікі да байкоту выбараў (артыкул 167 частка 3), якая прадугледжвае штраф да 10 мінімальных заробкаў або папраўчыя працы да 2 месяцаў. Цяперашнія парлямэнтары пайшлі далей. Першыя чатыры рэдакцыі Выбарчага кодэксу ўключалі адказнасьць за байкот выбараў. Гэта выклікала рэзананс у беларускім грамадзтве і міжнародных структурах, і таму адпаведная норма была выключаная Але затое ў апошнім, 156-м, артыкуле Выбарчага кодэксу аб прызнаньні страціўшымі сілу некторых заканадаўчых актаў адсутнічае спасылка пра выключэньне 167 артыкулу часткі 3 Адміністрацыйнага кодэксу. А судзіць суды будуць не паводле Выбарчага кодэксу, але паводле Адміністрацыйнага. Такая сытуацыя выключае прызнаньне выбараў свабоднымі і справядлівымі”.

(Карэспандэнт: ) “Як Вы думаеце, тое, што 167 артыкул Адміністрацыйнага кодэксу захаваўся – гэта памылка, недагляд, або ўлады зрабілі гэта наўмысна?”

(Альфер: ) “Я думаю, што ён быў пакінуты невыпадкова. Гэта зроблена, каб прыструняць розных рэдактараў газэты “Рабочы”, каб не даваць выходзіць на вуліцы. Тут ёсьць пэўная прававая калізія. Артыкул 45 гаворыць, што забароненыя байкоты выбараў у дзень галасаваньня, але ж больш нідзе пра байкот не гаворыцца, а паколькі нідзе не напісана, што байкот дазволены ў астатнія дні, можна гэты артыкул прымяняць як хочацца гэтай уладзе”.

(Карэспандэнт: ) “Дык усё ж, якім законам павінны карыстацца судзьдзі?”

(Альфер: ) “Судзьдзі павінны ў першую чаргу карыстацца Канстытуцыяй Рэспублікі Беларусь, якая дае людзям правы на выказваньне сваёй думкі”.

Пра супярэчнасьці ў беларускім заканадаўстве адносна байкоту выбараў з экспэртам Беларускага цэнтру канстытуцыяналізму й параўнаўча-праўных дасьледаваньняў Сяргеем Альферам гутарыў наш карэспандэнт

Ягор Маёрчык, Менск

XS
SM
MD
LG