Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сёньня


У швэдзкім горадзе Гётэборгу сёньня пачаўся буйны кірмаш кнігі і друкаванай прадукцыі. Спэцыяльным пунктам праграмы стала канфэрэнцыя, прысьвечаная Беларусі. У Швэцыю прыехалі Васіль Быкаў, Віктар Дашук, Вінцук Вячорка, прадстаўнікі няўрадавых арганізацыяў і альтэрнатыўнага мастацтва. З Гётэборгу перадае нашая карэспандэнтка Вольга Караткевіч.

Мы – візытоўка Швэцыі, супрацьлегласьць Стакгольму, – гавораць жыхары Гётэборгу, бо горад ёсьць брамаю на Захад, і гістарычна склалася так, што менавіта Гётэборг злучаў Швэцыю са сьветам.

700 прадстаўнікоў з 23 краінаў сьвету сабраліся на швэдзкім кірмашы кнігі. За 4 дні будзе праведзена 600 сэмінараў, і арганізатары падлічылі, што імпрэзу наведае каля 100 тысячаў чалавек.

Бусел, які ўзьлятае – выява інфармацыйнай і рэклямнай прадукцыі беларускага прадстаўніцтва. У адмыслова выдадзеным каляровым буклеце на швэдзкай мове – інфармацыя пра Беларусь і яе асноўныя праблемы: свабоду, незалежнасьць, Курапаты і Чарнобыль.

Адкрывае сьвет Беларусі, якая па-швэдзку завецца “Вітрюсланд”, швэду, які разгорне гэты буклет, – інтэрвію з Васілём Быкавым. Журналіст Майкл Вінярскі назваў гэтае інтэрвію “Перакананы пэсыміст”. Фотаздымкі з Курапатаў, дзяцей з чарнобыльскай зоны, акцыяў пратэсту апазыцыі гавораць, якая Беларусь, а інтэрвію зь міністрам замежнага гандлю Швэцыі Львом Багроцкім азагалоўлена цытатай з Багроцкага “Адчыні дзьверы, Беларусь”. Цытую швэдзкага міністра: “У эўрапейскім доме ёсьць зачыненае вакно, якое трэба адчыніць, каб даць Беларусі сьвежага паветра”.

Беларускі павілён пачаў працаваць ад 11 гадзіны выступам літаратара зь Беларусі Дзьмітрыя Плаксы. Пасьля Надзея Аўсеевіч зь Пінску расказвала пра беларускі фэмінізм. Дарэчы, гэтая тэма вельмі зацікавіла швэдаў, бо як запыталася адна швэдка, які ж фэмінізм пры амаль поўнай адсутнасьці пральных машынаў.

Сёньня ў праграме беларускага павілёну – дэбаты з маладой паэткай Ірынай Туровіч, сустрэча зь перакладчыцай Сьвятланы Аліксеевіч Сілай Нойман. У гэтыя хвіліны праходзіць сустрэча наведнікаў беларускага павілёну з Васілём Быкавым. Тэма дыскусіі – мараль.

Ініцыятарка ўдзелу беларусаў у імпрэзе эўрапейскага маштабу стала швэдзкая фотамастачка Марыя Содэрбэх.

Тым часам каля беларускага павілёну палюднела. Швэды гартаюць памянёны буклет і сарамліва ўзіраюцца ў мапу – дзе ж тая праблемная краіна.

У чатырохдзённай праграме – выступ рэжысэра Віктара Дашука, Дзяніса Раманоўскага, які раскажа пра ўмовы разьвіцьця сучаснага мастацтва Беларусі, фотавыстава Галіны Маскалёвай “Здымкі з чарнобыльскай зоны”, прэзэнтацыя праекту “Стоп Лука” і прамова Вінцука Вячоркі “Назад, у Савецкі Саюз”.

Пасьля гэтага ўсяго швэды, што ўзялі ў рукі беларускі буклет і паслухалі беларускіх прадстаўнікоў, могуць паспрабаваць адказаць на тры прапанаваныя пытаньні з трыма варыянтамі адказу – які горад сталіца Беларусі: Прага, Вільня ці Менск; хто з траіх прадстаўляе Беларусь: Марк Шагал, Нікалай Гогаль ці Фрыдрых Шылер; калі ў Беларусі парлямэнцкія выбары: 15 кастрычніка, праз два гады ці яшчэ ня вызначана?

Вольга Караткевіч, Гётэборг

XS
SM
MD
LG