Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сёньня


(эфір 13 верасьня)
Наш карэспандэнт толькі што вярнуўся з паседжаньня камісіі №105 Коласаўскае выбарчае камісіі, што ў Менску.

У 105-й выбарчай акрузе было вылучана 8 кандыдатаў у дэпутаты. Двое зь іх сабралі па 1000 подпісаў грамадзянаў, пяцёра былі вылучаныя палітычнымі партыямі і адзін — адразу двума працоўнымі калектывамі.

Апошні — гэта як раз прадстаўнік гэтак званае “партыі ўлады” — начальнік управы адукацыі Менскага гарадзкога выканкаму Міхал Ціцянкоў, якога чамусьці вылучылі працоўныя калектывы ня школаў ці гімназіяў, а фурнітурнае фабрыкі й Беларускага дому друку.

Подпісы ж зьбіралі выкладчык Пэдагагічнага ўнівэрсытэту Надзея Цыркун і старшыня арганізацыі “Праўная дапамога насельніцтву” Алег Воўчак. Апошні хіба што быў у гэтай акрузе адзіным прэтэндэнтам на дэпутацтва з дэмакратычнымі поглядамі. Менавіта аднаго яго й не зарэгістравалі. Пра прычыны адмовы спадару Воўчаку паведамляе старшыня Коласаўскае акруговае выбарчае камісіі Ўладзімер Грыпінскі:

(Грыпінскі: ) “Волчака мы не зарэгістравалі як кандыдата – вельмі шмат падпісных лістоў або не былі падпісаныя самім зборшчыкам подпісаў, або гэта было запісана адной рукой, або быў запісаны той жа нумар пашпарту”.

Гэта быў старшыня выбарчае камісіі 105-й акругі, што ў Менску, Уладзімер Грыпінскі.

Лёс рэгістрацыі большае часткі прэтэндэнтаў у кандыдаты, якіх вылучылі палітычныя партыі, быў няпэўны да сёньняшняга дня. Гэта тычылася й лідэра Партыі камуністаў Беларускай Сяргея Калякіна. Справа ў тым, што ЦВК раней патрабавала, каб партыйныя пярвічкі, што йснуюць у акругах, ня толькі былі ўтвораныя згодна партыйных статутаў, але й былі зарэгістраваныя ў ворганах улады і мелі юрыдычную адрэсу. У перадапошні дзень рэгістрацыі ў акруговую камісію паступіла тлумачэньне з ЦВК, якое здымае гэтую перашкоду.

На гэтай падставе была завочная спрэчка паміж Сяргеям Калякіным і Лідзіяй Ярмошынай. Апошняя, як бачым, вымушаная была прызнаць паразу ў гэтай спрэчцы. Цікава, што для вырашэньня гэтае калізіі ЦВК прыйшлося зьвяртацца асабіста да Аляксандра Лукашэнкі за дазволам.

Сяргей Калякін, які быў зарэгістраваны 13 верасьня ў якасьці кандыдата, назваў гэтае рашэньне Лукашэнкі прыкладам няпраўя, якое пануе ў гэтай сфэры.

Лідэр Лібэральна-Дэмакратычнае партыі Сяргей Гайдукевіч тое, што адбываецца пад час гэтае кампаніі, увогуле назваў “жахамі нашага гарадку”, паколькі ўжо многім кандыдатам ад ягонае партыі адмоўлена ў рэгістрацыі, шмат на каго аказваецца ціск, каб тыя расчысьцілі шлях вылучэнцам ад улады. Аналягічная думка і ў партыйцаў “Народнае Грамады”.

Тым часам Бюро ЦК ПКБ выступіла з заяваю пратэсту супраць таго, што Лукашэнка прызначыў іх прадстаўніка ў Цэнтарвыбаркам, нават не параіўшыся з самой партыяй. Кіроўны ворган ПКБ патрабуе пакараць вінаватых у грубым парушэньні закону пра партыі і чакае афіцыйных прабачэньняў.

Гаворыць другая сакратарка ЦК ПКБ Алена Скрыган:

(Скрыган: ) “Адміністрацыя прэзыдэнта ўзяла на сябе функцыі кіраўнічых ворганаў палітычнай партыі. Гэты факт сьведчыць аб парушэньні закону аб палітычных партыях”.

Гэта была адная зь лідэраў ПКБ Алена Скрыган. Лёс яе рэгістрацыі як кандыдаткі ў дэпутаты, як дарэчы й бальшыні астатніх, будзе вырашацца 14 верасьня. Хаця ў Капыльскім раённым выканкаме ў прыватнай размове ёй ужо параілі асабліва не абцяжарваць сябе перадвыбарнымі справамі, паколькі ўжо й так вырашана, хто стане дэпутатам у ейнай акрузе.

Валер Каліноўскі, Менск

XS
SM
MD
LG