Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сёньня


Аб’яўленыя ўладамі выбары ў гэтак званую “Палату прадстаўнікоў” усё больш набываюць рысы дзяржаўнага фарсу. З аднаго боку ўлады жадаюць, каб гэтыя выбары былі прызнаны эўрапейскімі структурамі, з другога — імкнуцца не дапусьціць да ўдзелу ў іх незалежных кандыдатаў.

Красамоўным прыкладам таго, як падкантрольныя ўладзе акруговыя камісіі расчышчаюць поле для ляяльных кандыдатаў, зьяўляецца ўчорашняе паседжаньне такой камісіі ў Гомельскай Цэнтральнай выбарчай акрузе №35. Зь сямі прэтэндэнтаў на дэпутацкі мандат камісія не зарэгістравала чацьвярых.

Асабліва надуманай выглядае адмова зарэгістраваць кандыдатам ў дэпутаты сябра «Народнае Грамады», выкладчыка ўнівэрсытэту Віктара Адзіночанку. Падставаю паслужыла тое, што спадар Адзіночанка ня ўнёс у мінулым годзе ў дэклярацыю пра ўласныя даходы 1.900 рублёў (меней за тры даляры) — за прачытаную яшчэ ў 98-м годзе лекцыю ў філіі Міжнароднага інстытуту працоўных і сацыяльных стасункаў.

Як лічаць назіральнікі, выкладчык Адзіночанка разам зь іншымі прэтэндэнтамі на дэпутацкі мандат — вэтэранам Уладзіславам Шамшурам, кандыдатам ад Беларускае патрыятычнае партыі Сяргеем Высоцкім, спэцыялістам свабоднай эканамічнай зоны Віктарам Сулімавым — складалі сур’ёзную канкурэнцыю афіцыйнаму кандыдату — галаве адміністрацыі Цэнтральнага раёну Ўладзімеру Дзярвянкову. Апошні, дарэчы, у раёне нічым не вызначыўся і вядомы хіба толькі як адстаўны савецкі афіцэр, які ваяваў ў Аўганістане.

Больш таго, акруговая камісія не зьвярнула ўвагі на тое, што спадар Дзярвянкоў дачасна распачаў перадвыбарчую агітацыю. Ягоныя ўлёткі назіральнікі выявілі на дзьвярох крамы па вуліцы Рагачоўскай яшчэ 11 верасьня — за дзень да прыняцьця рашэньня пра рэгістрацыю.

Кіраўнік рэгіянальнае кардынацыйнае рады ў арганізацыі назіраньня за выбарамі Ўладзімер Кацора паведаміў вашаму карэспандэнту, што ўладныя чыноўнікі распачалі ўціск на назіральнікаў. У прыватнасьці, у Добрускім раёне загадчык аддзелу адукацыі Анатоль Бежанішвілі пагражаў судовым перасьледам старшыні раённае каардынацыйнае рады назіральнікаў, настаўніку Вуцеўскае сярэдняе школы Адаму Варанцову.

У Калінкавічах міліцыянты патрабавалі ад Міхала Лашука адмовіцца ад подпісу заснавальніка руху «За справядлівыя дэмакратычныя выбары», які спрабуе зарэгістраваць у Менску Мечыслаў Грыб.

Казімер Яноўскі, Гомель

XS
SM
MD
LG