Пазаўчора была апублікаваная новая дактрына інфармацыйнай бясьпекі Расеі.
Гэта дакумэнт у інтэрвію нашай праграме камэнтуюць дырэктар расейскага
цэнтру журналістыкі ў экстрэмальных сытуацыях Алег Панфілаў і кіраўнік
маскоўскага бюро нашага Радыё Савік Шустэр.
Узаемаадносіны новай расейскай улады з мэдыямі добра і сумна вядомыя:
дастаткова прыгадаць справы Бабіцкага і Гусінскага, ці, напрыклад, апошняе
зьняцьцё з эфіру ОРТ праграмы Сяргея Дарэнкі. Ёсьць рэчы менш вядомыя,
але ня менш сур’ёзныя: ФСБ спрабуе прымусіць правайдэраў Інтэрнэту даць
доступ спэцслужбам да электронай пошты і дзейнасьці Інтэрнэту ў цэлым.
Гэта – практыка. Зараз зьявілася і ідэалёгія – 46-старонкавая дактрына
інфармацыйнай бясьпекі, распрацаваная ў нетрах Рады Бясьпекі Расеі.
Вось як ацэньвае гэты дакумэнт кіраўнік расейскага цэнтру журналістыкі
ў надзвычайных умовах Алег Панфілаў.
(Панфілаў: ) “Дактрына інфармацыйнай бясьпекі – гэта не юрыдычны дакумэнт,
ён ня мае юрыдычнай сілы як закон ці ўказ прэзыдэнта. Гэта – новая ідэалёгія
новага ўраду, новай улады ў Расеі. Больш за ўсё расчароўвае тое, што ўлада
будзе праводзіць лінію на адзяржаўленьне мэдыяў. У дактрыне сказана, што
яна будзе надаваць большую ўвагу разьвіцьцю дзяржаўных сродкаў масавай
інфармацыі. У гэтай дактрыне ёсьць вызначэньні, якія адкідваюць нас у 60-70
гады. У ёй сустракаюцца словы “інфармацыйная вайна”, “інфармацыйная зброя”.
Асабліва там гаворыцца пра ўплыў замежных сродкаў масавай інфармацыі і
пра нейкае супрацьдзеяньне гэтым мэдыям. Я лічу, што маюцца на ўвазе Радыё
“Свабода”, “Бі-Бі-Сі”, “Голас Амэрыкі”, “Нямецкая хваля” і гэтак далей.
На мой погляд, пагоршыцца сытуацыя ў правінцыйнай прэсе. Губэрнатары
і кіраўнікі адміністрацыяў суб’ектаў Расейскай Федэрацыі заўсёды змагаліся
з незалежным друкам. Зараз кіраўнікі рэгіёнаў убачылі, што ў Маскве дадзеная
каманда – “фас”. Так што правінцыйнай прэсе зараз будзе жыць значна горш.
Можа зараз зьявіцца пакет законапраектаў, якія могуць паўплываць на стан
і зараз слабой яшчэ свабоды слова ў Расеі”.
Гэта быў кіраўнік расейскага цэнтру журналістыкі ў экстрэмальных умовах
Алег Панфілаў. Ён гаварыў пра пагрозу ўзмацненьня ціску на замежныя мэдыі,
што працуюць у Расеі. Паводле меркаваньня кіраўніка маскоўскага бюро Радыё
“Свабода” Савіка Шустэра, пагроза тоіцца нават ня ў самім тэксце дактрыны.
(Шустэр: ) “Мяркуючы па атмасфэры, па тым, што адбываецца з друкаванымі
і электронымі мэдыямі, гэтая дактрына выглядае вельмі пагрозьліва. У тым
афіцыйным дакумэнце, які мы ўсе чыталі – там нічога пагрозьлівага няма,
ён проста пусты. Але мы ведаем яшчэ з савецкіх часоў, што розныя афіцыйныя
дакумэнты выглядалі вельмі прыгожа. Але ўсялякія рэзалюцыі, дадаткі, інструкцыі
да іх былі зусім іншага гатунку і мелі зусім іншыя вынікі. Мы вяртаемся
да часоў Оруэла, ізноў ня верым таму што напісана, і міністэрства праўда
робіцца міністэрствам хлусьні”.
Кіраўнік маскоўскага бюро Радыё “Свабода” Шустэр лічыць, што крокі ўлады
будуць наступнымі.
(Шустэр: ) “Зараз у асноўным ідзе барацьба за тэлебачаньне, гэта НТБ
і ОРТ. Гэта галоўныя палі бойкі. Потым будзе радыё, потым Інтэрнэт, а далей
возьмуцца за друкаваныя мэдыі. Пакуль цэнтральныя газэты не зьяўляюцца
велізарнай пагрозаю, паколькі яны ня надта распаўсюджваюцца. А тыя, якія
распаўсюджваюцца, настолькі “пажаўцелі”, што не зьяўляюцца пагрозаю для
ўлады”.
Напрыканцы інтэрвію я папрасіў Савіка Шустэра параўнаць сытуацыю ў сродках
масавай інфармацыі ў Беларусі і ў Расеі.
(Шустэр) “Мне падаецца, што іх цяжка параўноўваць У Расеі былі алігархі
міжнароднага ўзроўню. Яны ўдзельнічалі ў палітычным жыцьці і часта ўдзельнічалі
ў ім праз мэдыі. У Беларусі гэтага не было. У Расеі публіка, якая задаволеная
тым, што Пуцін змагаецца з алігархамі, якіх лічаць злодзеямі, не заўважае,
што “лес сякуць – трэскі ляцяць”, што зьнікаюць незалежныя мэдыі. У Расеі,
як і ў Беларусі, не разумеюць абсалютна, што сродкі масавай інфармацыі
незалежныя дзякуючы прыватнаму капіталу”.
Гаварыў кіраўнік маскоўскага бюро Радыё “Свабода” Савік Шустэр.
Гутарыў
Юры Дракахруст, Прага
Самае папулярнае
1