Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сёньня


Пад пагрозаю закрыцьця апынулася на пачатку новага навучальнага году беларуская 8-Б кляса менскае сярэдняе школы №115. Вучням раздалі падручнікі на расейскай мове, заявіўшы, што па-беларуску выкладаць прадметы няма настаўнікаў.

Небезпасьпяховая спроба зьліквідаваць клясу ў гэткі самы спосаб была зробленая ў траўні, напрыканцы мінулага навучальнага году. Посьпех, аднак, быў частковы: зь дзьвюх беларускіх сёмых толькі некалькі бацькоў аднае клясы прынялі аргумэнты адміністрацыі пра адсутнасьць выкладчыкаў ды напісалі заявы пра перавод клясы ў наступным навучальным годзе на расейскую мову. Тых, чые бацькі не зрабілі гэтага, дадалі да паралельнае беларускамоўнае, у выніку чаго зь дзьвюх беларускаю засталася адна, хоць і перапоўненая — 31 вучань.

Але на гэтым адміністрацыя не спынілася. На пачатку новага навучальнага году бацькі даведаліся, што ў фармальна беларускай клясе іхныя дзеці фактычна ўжо навучаюцца па-расейску. Падручнікі інфарматыкі, чарчэньня, біялёгіі, грамадазнаўства ім раздадзеныя на расейскай мове. Але й тыя прадметы, у якіх вучні атрымалі беларускамоўныя падручнікі (да прыкладу, хімія, фізыка, геаграфія), выкладаюцца па-расейску.

Тлумачэньне ранейшае — няма беларускамоўных выкладчыкаў.

Вось як камэнтуе сытуацыю Натальля Крываносава, маці адной з вучаніцаў:

(Крываносава: ) “Мне сорамна, што так у Беларусі, тым больш у Менску. У нас два інстытуты – і пэдагагічны, і ўнівэрсытэт, яны ж рыхтуюць тых, хто можа весьці без праблемаў і на беларускай, і на рускай – як ім скажа дырэктар. У тым годзе яны казалі, што няма падручнікаў, цяпер, нібыта, няма – толькі па двух прадметах. Зараз яны кажуць, што ў іх настаўнікі ня могуць весьці. Ну дык я ня ведаю, яны ж у Менску ўсе вучыліся. Як яны вучыліся? Я ўвогуле не разумею, што яны кажуць і на каго гэта разьлічана?”

Сказала Натальля Крываносава.

Бацькі 8-Б клясы зьвярнуліся па падтрымку ў сваіх патрабаваньнях у сакратарыят Таварыства Беларускае Мовы. Там сытуацыю ў 115-й школе расцанілі як дыскрымінацыйную, пра што выклалі ў лісьце на імя міністра адукацыі Васіля Стражава. Цытую ліст тэбээмаўцаў да яго: “Таварыства Беларускае Мовы імя Францішка Скарыны надзвычай абуранае тым, што Міністэрства адукацыі, нягледзячы на тое, што навучальны год ужо пачаўся, не забясьпечыла беларускамоўным школам і клясам неабходныя ўмовы для нармальнага працэсу навучаньня. Гэтым Міністэрства груба парушае арт.50 Канстытуцыі Беларусі, паводле якога “дзяржава гарантуе … свабоду выбару мовы выхаваньня й навучаньня”, і Закону аб мовах, што цягне за сабою адміністрацыйную адказнасьць (арт.172-2 Кодэксу Рэспублікі Беларусь аб адміністрацыйных правапарушэньнях)”, — нагадвае міністру сакратарыят ТБМ.

Рэакцыі ворганаў адукацыі на пратэсты бацькоў і грамадзкасьці ў сувязі зь дзеяньнямі адміністрацыі менскае сярэдняе школы №115 пакуль што няма.

Валянціна Аксак, Менск

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG