У Менску міліцыя зарыштавала вялікую частку накладу спэцвыпуску газэты
“Рабочы”, у якім былі зьмешчаныя матэрыялы на тэму байкоту восеньскіх выбараў.
Міліцыянты затрымалі таксама галоўнага рэдактара выданьня Віктара Івашкевіча,
юрыдычнага кансультанта рэдакцыі Зьмітра Касьцюкевіча й генэральнага дырэктара
прыватнае друкарні “Мэйджык” Юрыя Будзько.
Сёньня ўраніцу юрыдычны кансультант рэдакцыі “Рабочага” Зьміцер Касьцюковіч
разам з экспэдытарам прыехалі ў друкарню, каб забраць частку накладу спэцвыпуску
газэты. Экспэдытар ужо пачаў выносіць з друкарні пакункі газэтаў, калі
да іх падыйшлі дырэктар рэжыму заводу “Тэрмапляст”, на тэрыторыі якога
знаходзіцца “Мэйджык”, і невядомы міліцэйскі палкоўнік. Яны запатрабавалі
ад супрацоўнікаў газэты паказаць накладныя быццам бы дзеля нейкае праверкі,
і пайшлі ў будынак друкарні.
Празь нейкі час каля “Мэйджыку” зьявіліся намесьнік начальніка Першамайскага
раённага аддзелу міліцыі, некалькі ягоных падначаленых і прадстаўнікі раённае
ўправы КГБ. Яны аб’явілі супрацоўнікам рэдакцыі, што наклад спэцвыпуску
колькасьцю 112 тысячаў паасобнікаў арыштаваны, бо ў газэце зьмешчаныя матэрыялы
з заклікам да байкоту выбараў.
Разам са спэцвыпускам на некалькі гадзінаў быў арыштаваны й наклад чарговага
нумару газэты. У гэты час да друкарні пад’ехаў галоўны рэдактар “Рабочага”
Віктар Івашкевіч, які патрабаваў растлумачыць, на якой падставе зарыштаваная
газэта, што лягальна выходзіць на тэрыторыі Беларусі. Замест тлумачэньняў,
спадароў Івашкевіча, Касьцюкевіча, а таксама генэральнага дырэктара “Мэйджыка”
Юрыя Будзько й выканаўчага дырэктара друкарні Сьцяпана Жарнасека адвезьлі
ў пастарунак.
Празь нейкі час спадара Жарнасека адпусьцілі, а на Івашкевіча, Касьцюкевіча
й Будзько склалі пратаколы паводле артыкулу 167.3 Адміністратыўнага кодэксу
(парушэньне заканадаўства ў выбарах — заклікі да байкоту). Прычым, пры
допытах апазыцыянэраў прысутнічала начальства з гарадзкой управы міліцыі
ды начальнік раённага аддзелу КГБ. Затрыманыя пратэставалі супраць незаконных,
на іхную думку, дзеяньняў міліцыянтаў, бо паводле новага Выбарчага кодэксу
байкот выбараў не забаронены.
У пастарунку Віктара Івашкевіча і ягоных калегаў трымалі амаль тры гадзіны,
пасьля чаго даставілі ў суд. Аднак усе яны запатрабавалі прадаставіць ім
адвакатаў, і судзьдзя Сяргей Нясінаў быў вымушаны перанесьці разгляд іхных
справаў на панядзелак.
Вось як пракамэнтаваў сёньняшнія падзеі пасьля судовага паседжаньня
Віктар Івашкевіч:
(Івашкевіч: ) “Гэта яшчэ толькі пачынаецца агітацыя за байкот, і яны
вось зрываюцца, яны ня могуць спакойна глядзець, як гэта адбываецца і хочуць
нас выштурхнуць у нейкую нелегальшчыну”.
Паведаміў спадар Івашкевіч.
Галоўны рэдактар “Рабочага” будзе патрабаваць прыцягнуць да адказнасьці
міліцыянтаў, якія, як ён лічыць, зьдзейсьнілі сёньня палітычную цэнзуру
газэты.
Альгерд Невяроўскі, Менск
Самае папулярнае
1