Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сёньня


Некаторым рэзыдэнтам свабоднай эканамічнай зоны “Менск” — у тым ліку чэскаму й летувіска-беларускаму прадпрыемствам — улады загадалі тэрмінова выйсьці са складу зоны. А каб прысьпешыць гэты працэс, бізнэсоўцам адключылі электрычнасьць.

Непрыемнасьці напаткалі тры фірмы: замежнае чэскае прадпрыемства “ТОМІпласт”, сумеснае беларуска-летувіскае “Софтформ”, а таксама беларускае ТАА “Рамбудналадка”. Гэтыя фірмы мелі дамовы з адміністрацыяй свабоднай эканамічнай зоны “Менск” тэрмінам на пяць год. Але напрыканцы жніўня бізнэсоўцы атрымалі ліст, у якім паведамлялася, што ўсе іхныя дамовы несапраўдныя, і яны мусяць зь 1 верасьня выйсьці са складу рэзыдэнтаў. З гэтага ж дня прадпрыемствам адключылі электрычнасьць.

Чэскае прадпрыемства “ТОМІпласт”, якое вырабляе армаваныя шлянгі, дзейнічае ў складзе СЭЗ “Менск” з сакавіка мінулага году. Чэхі інвэставалі ў яго ўжо 200 тысячаў даляраў. Як распавёў нашаму радыё намесьнік старшыні місіі Чэскае Рэспублікі ў Беларусі спадар Лукашцік, у адпаведнасьці з дамоваю чэскае фірмы з адміністрацыяй зоны, дамова ня можа быць скасаваная ў аднабаковым парадку.

Распавядае спадар Лукашцік:

“Чэскае прадпрыемства, вядома, не зьбіралася выяжджаць. Наадварот, імкнулася разгортваць сваю дзейнасьць у Беларусі. Але з афіцыйных ворганаў прыйшоў загад, каб яны зышлі адсюль. Думаю, проста нехта не прачытаў дамову, але мы лічым, што яна мае праўную моц. Зараз гэтае пытаньне вырашаецца на ўзроўні мясцовае ўлады. Чэскі бок афіцыйна яшчэ не выступаў. Дзеля добрых стасункаў паміж Чэхіяй і Беларусьсю. Няхай спачатку дамаўляюцца на тым узроўні, які існуе, перш чым пачне дзейнічаць міжнародны ўзровень”.

Гэта быў спадар Лукашцік.

Але, як нам стала вядома зь дасьведчаных крыніцаў, чэская амбасада ўсё ж прыклала намаганьні дзеля вырашэньня канфлікту. Былі праведзеныя перамовы з чыноўнікамі МЗС, адміністрацыі прэзыдэнта і з памочнікам прэзыдэнта Сяргеем Посахавым. Гэтыя намаганьні далі плён. 5 верасьня праблему рэзыдэнтаў СЭЗ “Менск” вырашала адмысловая камісія, у складзе якой былі чыноўнікі Менскага гарадзкога выканкаму, Міністэрства замежных справаў і Камітэту дзяржаўнага кантролю. Лёс фірмаў канчаткова яшчэ ня вырашаны, але, як паведамі ў адміністрацыі СЭЗ “Менск”, усе тры фірмы пакуль працуюць.

Што да прычынаў гэтага інцыдэнту, які ледзь ня скончыўся міжнародным скандалам. Як сьцьвярджаюць асобы, блізкія да кіраўніцтва СЭЗ “Менск”, некаму з высокапастаўленых чыноўнікаў проста спатрэбілася вызваліць месца для аднаго расейскага прадпрыемства, вось і паспрабавалі выкінуць з зоны фірмы з чэскім і летувіскім капіталам.

Ганна Соусь, Менск

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG