Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сёньня


Лідэр Лібэральна-Дэмакратычнае партыі Сяргей Гайдукевіч заявіў радыё Свабода, што ў ягоным распараджэньні зьявіўся сакрэтны дакумэнт — той самы сьпіс 110 фаварытаў ад улады, абраньне якіх павінны забясьпечыць мясцовыя адміністрацыі. Гэты дакумэнт Гайдукевіч апублікуе напярэдадні выбараў, каб была магчымасьць параўнаць яго з вынікамі выбараў.

Бальшыня апазыцыі распачынае кампанію актыўнага байкоту выбараў. Тых жа, хто згадзіўся паўдзельнічаць у іх на ўмовах Лукашэнкі, улада сама схіляе да пасыўнага байкоту — паколькі амаль ўсе яны адчуваюць уціск і блякаваньне з боку “вэртыкалі”. Гаворыць намесьнік старшыні Сацыял-Дэмакратычнае партыі “Народная Грамада” Ўладзімер Нісьцюк:

(Нісьцюк: ) “Адміністрацыя Першамайскага раёну атрымала загад – не зарэгістраваць Статкевіча, ня даць яму магчымасьці выйсьці на выбары. У акрузе, дзе балятуецца Ўладзімір Башарымаў, у Гомелі, ягоныя сябры ініцыятыўнай групы, што зьбіралі подпісы, на сабе адчулі ціск. Прадстаўнікі праваахоўчых ворганаў прыходзілі дахаты, пагражалі. Яго вылучыў працоўны калектыў аднаго з прадпрыемстваў Гомелю, быў моцны ціск на прадпрыемства і яго кіраўніцтва. Каб перагледзіць рашэньне. У нас ёсьць інфармацыя з Салігорску, што старшыня акруговай выбарчай камісіі, намесьнік старшыні райвыканкаму, які ня мае права асабіста ўплываць на гэтыя ўсе пытаньні, хадзіў па працоўных інтэрнатах і пагражаў людзям, якія аддалі подпісы за Ларысу Насановіч. Гаварыў, што яны рабілі вельмі кепска, зь імі разьлічацца”.

Гэта быў Уладзімер Нісьцюк, які распавёў таксама пра незаконныя дзеяньні ўладаў супраць кандыдатаў-сябраў “Народнае Грамады” ў Смаргоні, Барысаве ды іншых гарадох. У прыватнасьці, у акрузе, дзе балятуецца Мікола Статкевіч, ня быў уключаны ва ўчастковыя камісіі ніводзін з 25 партыйных актывістаў.

Болей за ўсіх сваіх сябраў ва ўчастковыя выбарчыя камісіі вылучыла Лібэральна-Дэмакратычная партыя — каля шасьці з паловаю тысячаў, уключана ж было толькі 385.

У лісьце, які лідэр ЛДП Сяргей Гайдукевіч атрымаў ад Лідзіі Ярмошынай, зазначана, што ЦВК ня бачыць у гэтым парушэньня, бо закон не забавязвае ворганы ўлады выконваць партыйныя рашэньні. У выніку Гайдукевіч прыйшоў да наступнае высновы:

(Гайдукевіч: ) “Вэртыкаль Лукашэнкі пад сябе фармуе ўчастковыя камісіі”.

Тым часам, як паведаміла Беларуская тэлевізія, 11 прадстаўнікоў партыі ўлады, і найперш цяперашнія дэпутаты Палаты прадстаўнікоў, зьвярнуліся да выбаршчыкаў са зваротам выбіраць тых, хто падтрымлівае палітыку Лукашэнкі. На думку Сяргея Гайдукевіча, гэтыя адзіннаццаць проста вырашылі ўладзе нагадаць пра сябе, каб мець больш шанцаў на падтрымку ад яе на выбарах.

Вылучэнцам ад партыі ўлады, і перш за ўсё тым, хто цяпер уваходзіць у “Палату прадстаўнікоў”, сапраўды даецца зялёнае сьвятло ня толькі пры рэгістрацыі, але й для заўчаснай агітацыі за сябе ў дзяржаўных СМІ, што зьяўляецца парушэньнем заканадаўства. Надоечы, да прыкладу, “Советской Белоруссией” было апублікавана перадвыбарчае інтэрвію з Іванам Пашкевічам. Пашкевіч, які, паводле ягоных словаў, 11 верасьня працаваў у прэзыдэнцкай адміністрацыі апошні дзень, і не адмаўляўся, што як і ўсе сябры “Палаты прадстаўнікоў”, мае перавагу перад супернікамі.

(Пашкевіч: ) “Канешне, дзеючы дэпутат знаходзіцца ў больш выгаднай пазыцыі, чым хто іншы. Бо ягоныя паўнамоцтвы завяршаюцца толькі з моманту абраньня новага парлямэнту. Ну, так вось сталася, што я ў больш выйграшнай сытуацыі, як хто другі”.

Гэта быў Іван Пашкевіч, на думку якога, добрае стаўленьне “вэртыкалі” да нейкага кандыдата гарантуюць яму дзесяць адсоткаў галасоў.

Валер Каліноўскі, Менск

XS
SM
MD
LG