Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сёньня


(эфір 7 верасьня)
Аляксандар Бухвостаў застаецца на чале аднаго з буйнейшых у краіне прафсаюзаў — аўтасельгасмашу. Спроба ўладаў зьмясьціць яго з пасады старшыні на сёньняшнім справаздачна-выбарчым зьезьдзе гэтага прафсаюзу скончылася правалам.

Зьезд прайшоў у атмасфэры жорсткіх дыскусіяў паміж прыхільнікамі і апанэнтамі Аляксандра Бухвостава. У якасьці апанэнтаў Бухвостава выступілі дэлегаты прафсаюзнага форуму, што прадстаўлялі інтарэсы ўладаў. Найперш, гэта кіраўнікі прадпрыемстваў, якім была пастаўлена задача вярнуць пад кантроль уладаў 200-тысячную арганізацыю. У якасьці альтэрнатывы Бухвоставу яны вылучылі намесьніка генэральнага дырэктара Менскага трактарнага заводу Аляксандра Карцава.

Гаворыць Аляксандар Бухвостаў:

“Пасьля таго, як у прафсаюзным камітэце МТЗ прынялі гэтае рашэньне пад ціскам адміністрацыі, былі праінфармаваныя дэлегаты і ім загадалі, за каго галасаваць. Зразумела, гэта — не што іншае, як непасрэднае ўмяшаньне ў прафсаюзныя справы, ігнараваньне міжнародных стандартаў у сфэры прафсаюзных правоў. З дырэктарамі ж павінны быць зусім іншыя формы сацыяльнага партнэрства — не парушаць канвэнцыяў Міжнароднай арганізацыі працы”, — зазначыў нашаму радыё Аляксандар Бухвостаў.

Дарэчы, канфлікт уладаў і прафсаюзаў у Беларусі выклікаў падвышаную ўвагу да зьезду прафсаюзу аўтасельгасмашу з боку шэрагу міжнародных прафсаюзаў і арганізацыяў, якія прыслалі ў Менск сваіх прадстаўнікоў. У прыватнасьці, на прафсаюзным форуме прысутнічаў прадстаўнік Міжнароднай арганізацыі працы Франк Хофэр. Вось якімі ўражаньнямі пра сёньняшнюю падзею падзяліўся ён з нашым радыё:

“Я мяркую, што гэтая дыскусія, па–першае, сьведчыць пра тое, што ёсьць шмат прадстаўнікоў прафсаюзаў, якія сьвядома хочуць мець незалежны прафсаюз, які б самастойна вызначаў сваю палітыку. Многія дэлегаты, што выступалі на зьезьдзе, сьцьвярджалі, што яны супраць умяшаньня ў сваю дзейнасьць. У якім маштабе мае месца такое ўмяшаньне, напэўна, для гэтага мусіць быць больш глыбокі аналіз. Але ўсе чулі, як адзін старшыня прафкаму публічна заявіў, што званіў міністар і патрабаваў сьпісы дэлегатаў. І ён сказаў, што гэта ня справа міністэрства. І калі гэта так на самрэч, дык справядліва запытаць: навошта ўраду такая інфармацыя патрэбная?”, — зазначыў Франк Хофэр.

Яркім быў выступ на зьезьдзе рабочага Барысаўскага заводу аўтатрактарнага электраабсталяваньня Міколы Похабава, які зазначыў, што Беларусі патрэбныя палітычныя перамены:

“На працягу двух гадоў адбываецца моцны ціск на лідэраў прафсаюзаў — Бухвостава і Ганчарыка. І я лічу, што гэтым ня скончыцца. Калі Лукашэнка бярэцца за штосьці, ён даводзіць гэта да лягічнага канца. Заўсёды атрымліваецца пасьля ягонае працы нуль”, — мяркуе Мікола Похабаў.

Менавіта гэткім вынікам для ўладаў скончылася галасаваньне кандыдатуры старшыні прафсаюзу аўтасельгасмашу. Аляксандар Бухвостаў атрымаў пераканаўчую перамогу. За яго прагаласавала ўтрая больш дэлегатаў, чым за прадстаўніка ўладаў Карцава.

Міхал Стэльмак, Менск

XS
SM
MD
LG