Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сёньня


Учора ў Парыжы адбылося паседжаньне Бюро Рады Эўропы, а ў Страсбургу таксама Эўрапарлямэнт разглядаў беларускае пытаньне. Мы ўзялі эксклюзыўныя інтэрвію ў прадстаўнікоў гэтых структураў і папрасілі іх расказаць аб выніках паседжаньняў і пракамэнтаваць заяву старшыні ЦВК Беларусі Лідзіі Ярмошынай аб тым, што прадстаўнікі тэхнічнай ацэначнай місіі на выбарах у “палату прадстаўнікоў” будуць зарэгістраваныя як міжнародныя назіральнікі. Напачатку слова Фольфгангу Бэрэндту, дакладчыку ў справе Беларусі Парлямэнцкай асамблеі Рады Эўропы.

(Карэспандэнт: ) “Спадар Бэрэндт, што ўчора адбывалася на паседжаньні Бюро Рады Эўропы ў Парыжы?”

(Бэрэндт: ) “Я зрабіў справаздачу аб разьвіцьці падзеяў у Беларусі. Я прадставіў рэкамэндацыі, якія былі зацьверджаныя ў Вене, і Бюро ўхваліла гэтыя рэкамэндацыі аднагалосна. Так што я цяпер упаўнаважаны паехаць у Менск у часе выбараў”.

(Карэспандэнт: ) “Хто з Рады Эўропы паедзе – Вы адзін, ці нехта яшчэ?”

(Бэрэндт: ) “Не, толькі я з Рады Эўропы, бо мы вырашылі дакладна прытрымлівацца венскіх рэкамэндацыяў, якія вымагаюць, каб толькі адзін прадстаўнік парлямэнцкіх інстытуцыяў “тройкі” прысутнічаў там. Так што я адзін буду прадстаўляць Парлямэнцкую асамблею Рады Эўропы. З Эўрапарлямэнту гэта, напэўна, будзе Ян Марынус Вірсма, а з Парлямэнцкай асамблеі АБСЭ, праўдападобна, Адрыян Севярын”.

(Карэспандэнт: ) “Калі Вы паедзеце і на які тэрмін?”

(Бэрэндт: ) “Праўдападобна, за тры дні перад выбарамі і прабуду там цалкам пяць дзён, гэта значыць тры дні перад выбарамі і два – пасьля іх”.

(Карэспандэнт: ) “Ці схарактарызавалі б Вы Вашую прысутнасьць як міжнароднае назіральніцтва?”

(Бэрэндт: ) “Гэта, безумоўна, ня ёсьць паўнацэннае назіральніцтва. Мы трох не змаглі б гэта зрабіць, ды яшчэ ў такі кароткі тэрмін. Мы лічым сябе прадстаўнікамі парлямэнцкіх структураў, і, безумоўна, будзем назіраць за тэхнічнай працэдурай выбараў і будзем кантактавацца з як мага большай колькасьцю людзей. Але гэтага недастаткова, каб даць сапраўдную ацэнку выбарам. І дарэчы. Калі ёсьць паўнацэннае назіральніцтва, калі трэба даць сапраўдную ацэнку выбарам, дык трэба там быць некалькі тыдняў наперад, бо ня толькі працэдура выбараў важная, але і падрыхтоўчы этап да іх. Вельмі важна, як праводзіцца кампанія, а мы гэтаму ацэнку даць ня можам”.

(Карэспандэнт: ) “Лідзія Ярмошына ўчора заявіла, што Цэнтральная Выбарчая камісія будзе разглядаць тэхнічную ацэначную місію і Вас, як міжнародных назіральнікаў…”

(Бэрэндт: ) “Гэта няправільна, бо ў рэкамэндацыях у Вене мы якраз падкрэсьлівалі, што гэта не паўнацэннае міжнароднае назіральніцтва. Гэта наогул не міжнароднае назіральніцтва, а толькі тэхнічная місія Бюро дэмакратычных інстытутаў і правоў чалавека АБСЭ. Яны там будуць у якасьці экспэртаў, будуць даваць парады і аказваць падтрымку тым, каму яна патрэбная. Гэта не міжнароднае назіральніцтва. А што да візыту парлямэнцкай “тройкі”, дык гэта таксама нельга лічыць міжнародным назіральніцтвам. Мы гэта растлумачым, і АБСЭ, я думаю, таксама гэта зробіць”.

(Карэспандэнт: ) “Ці можна ўжо гаварыць, што выбары пры фактычнай адсутнасьці назіральнікаў ня будуць прызнаныя міжнароднай супольнасьцю?”

(Бэрэндт: ) “Я б не хацеў такое цяпер гаварыць, але гэта праўдападобна. Паколькі высунутыя міжнароднай супольнасьцю ўмовы не былі дастаткова выкананыя, гэтыя выбары нельга трактаваць як свабодныя і справядлівыя”.

(Карэспандэнт: ) “У такім выпадку, навошта было, на Вашую думку, наогул пасылаць каго-небудзь?”

(Бэрэндт: ) “Бо мы хацелі даць зразумець уладам, што мы ацэньваем хоць нейкі прагрэс і спробы выканаць хоць нейкую частку нашых умоваў. Пакуль што ў недастатковай меры, але ўсё ж неяк”.

Гутарыў

Максім Лукашэвіч, Прага

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG