Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сёньня


(эфір 9 верасьня)
Навіны культуры мінулага тыдня.

Старшыня мастацкае суполкі Алесь Марачкін прыступіў да росьпісу новазбудаванае царквы Божае Маці Жыровіцкае ў амэрыканскім мястэчку Стронгсвіл, штат Агаё. Першапачаткова плянавалася, што росьпіс сьвятыні, якая належыць Беларускай аўтакефальнае царкве, выканае Алесь Пушкін, але беларускія ўлады не далі яму дазволу на выезд у ЗША. Марачкін стварае фрэскі паводле эскізаў Пушкіна, а паводле ўласнага праекту зробіць у царкве іканастас і вітражы.

У Нацыянальным мастацкім музэі адчынілася выстава кітайскага жывапісу 90-х гадоў. Гэта ўжо трэцяя выстава мастацтва камуністычнага Кітаю ў найпрэстыжным музэі Беларусі. Сярод экспанатаў найбольш уражвае твор Джу Фадуна “Аб’ява пра расстрэл” — велізарны аркуш, спрэс запісаны чырвонымі гіерогліфамі, якія зьліваюцца ў крывавую раку.

На вуліцы Чычэрына, ля Опэрнага тэатру, адчынілася новая канцэртная заля. Належыць яна Акадэміі музыкі. Новы корпус па вуліцы Каліноўскага атрымала і Акадэмія мастацтваў. Пакуль ня вырашана, які факультэт пераедзе туды, але найверагодней — дызайнэрскі.

У Дзяржаўным музычным тэатры прайшла прэзэнтацыя польскага часопісу “Jazz Forum”. У канцэрце ўзяў удзел квартэт Зьбігнева Намысьлёўскага, які прадставіў праграму “Танцы” на матывы танцавальнай музыкі розных народаў сьвету. У вітальні тэатру дзейнічае фотавыстава Марэка Карэвіча — калекцыя партрэтаў зорак усясьветнага джазу.

14 верасьня споўніцца 80 гадоў першаму ў нашай краіне прафэсійнаму тэатру — Купалаўскаму. Сам тэатар цяпер бярэ ўдзел у міжнародным фэстывалі “Белая вежа” на Берасьцейшчыне, дзе ўжо паказаў ля муроў камянецкае Белае вежы спэктакаль “Князь Вітаўт”. А на ягонае сцэне ў Менску ў гэты дзень выступіць швайцарскі тэатар “Расін”, які пакажа ў францускай мове спэктакаль “Выпадак у заапарку”.

У выдавецтве “Каўчэг” выйшла кніга прафэсара менскага пэдунівэрсытэта Эмануіла Ёфэ “Беларускія габрэі ў Ізраілі”. Кніга знаёміць з пэрсаналіямі многіх дзясяткаў выбітных прадстаўнікоў ізраільскае культуры й палітычнае сцэны, якія паходзяць зь Беларусі. Сярод іх — ня толькі першы прэзыдэнт Ізраілю Хаім Вэйцман, але й цяперашні прэм’ер-міністар Эхуд Барак.

На Валожыншчыне пачаўся міжнародны плэнэр “Неба й Зямля Фэрдынанда”, прысьвечаны 130-м угодкам выбітнага жывапісца Фэрдынанда Рушчыца. Наладзілі яго Беларуская акадэмія выяўленчага мастацтва й Польскі інстытут. Акадэмія плянуе зь цягам часу аднавіць сядзібу Рушчыцаў у вёсцы Багданава і ўсталяваць перад ёю помнік, макет якога ўжо стварыў цудоўны скульптар Валяр’ян Янушкевіч. А пакуль што ў Багданаўскай школе 12 верасьня адбудзецца выстава палотнаў, створаных удзельнікамі плэнэру.

У берасьцейскім абласным выканкаме ствараецца мэмарыяльная галярэя кіраўнікоў Берасьцейшчыны, якія працавалі ў рэгіёне ад старажытнага часу да сёньняшняга дня. У яе мусяць увайсьці партрэты прадстаўнікоў славутых Радзівілаў, Сапегаў, Тышкевічаў, Хадкевічаў, кампанія якіх аздобіць партрэт цяперашняга “вэртыкальшчыка” Даўгалёва.

Юрась Барысевіч, Менск

XS
SM
MD
LG