Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сёньня


Чаму 149 сусьветных лідэраў пакінулі свае не заўсёды ўстойлівыя ўрады і паехалі ў Ню-Ёрк, каб выступіць з пяціхвіліннымі прамовамі адно перад адным ды перад тэлевізыйнымі камэрамі? Гэтым пытаньнем пачынаецца аналітычны камэнтар Барбары Красэта, зьмешчаны сёньня на старонках газэты New York Times. Яны ня піша пра выступ Лукашэнкі, таму мы падаем тут вытрымкі зь яго.

Генэральны Сакратар Арганізацыі Аб’еднаных Нацыяў Кофі Анан на згаданае пытаньне адказаў наступным чынам:

“Вы – сусьветная палітычная эліта, якая мае ўладу каб гаварыць ад імя шасьці мільярдаў людзей і здольнасьць, каб пераўладзіць іхныя жыцьці. Гэтая сустрэча тысячагодзьдзя на вышэйшым узроўні была арганізаваная не на тое, каб сьвяткаваць каляндарную дату, але на тое, каб поглядам наперад пабачыць, якое грамадзтва (у глябальным сэнсе) хочуць пабудаваць усясьветныя лідэры ў гэтым стагодзьдзі, а можа і ў тысячагодзьдзі”.

Пра што ж казалі кіраўнікі краінаў сьвету ў першы дзень сустрэчы ў ААН?

“Статыстыка беднасьці і няроўнасьці ў нашым сьвеце агідная і ганебная, – сказаў прэм’ер-міністар Ірляндыі Бэрці Ахэрн. – Палова ўсясьветнага насельніцтва жыве менш чым на 2 даляры ў дзень, больш як палова мільярду – менш чым на даляр. Чвэрць мільярду дзяцей, ва ўзросьце да 14 гадоў, працуе ў жахлівых умовах. Сьмяротнасьць ад вылечных хваробаў высокая. Пакуль я тут выступлю з пяціхвіліннай прамовай – 10 чалавек памруць ад малярыі”.

Прэзыдэнт Нігерыі Алусягун Абсанджа – старшыня арганізацыі краінаў трэйцяга сьвету – сказаў: “Жаданьні краінаў разьвіцьця простыя. Мы ўсе жывем у тым самым жытле незалежна ад нашага ўзроўню. Некаторыя з нас жывуць у супэршыкоўных умовах, іншыя – у нечым, ня лепшым, чым запушчаная кухня, у якой з трубаў цячэ і няма прыбіральні. Гэтыя апошнія патрабуюць да сябе хоць крыху ўвагі. У адваротным выпадку нам усім будзе кепска”.

Некаторыя прамоўцы заклікалі разгедзіць цёмныя бакі глябалізацыі, разьвіцьця тэхналёгіяў, рознны стан аховы здароўя ў розных краінах і няўзважанае выкарыстаньне прыродных рэсурсаў. Іншыя заклікалі да падвышэньня дэмакратызацыі самой Арганізацыі Аб’еднаных Нацыяў улучна з пытаньнем сяброўства ў Радзе Бясьпекі, дзе ад часу іхнага заснаваньня ў 45 годзе, адбыліся глыбокія зьмены.

Шмат хто з прамоўцаў ужываў ААНаўскую трыбуну, каб даць хаду сваім міжнародным ініцыятывам.

Так расейскі прэзыдэнт Владзімір Пуцін прапанаваў зьнішчыць радыеактыўныя матэрыялы і выключыць іх з ужываньня ў мірнай сфэры. Ён таксама прапанаваў, каб 40-я гадавіна палёту чалавека ў космас была адзначаная міжнароднай канфэрэнцыяй у справе мірнага засваеньня касьмічнай прасторы.

Пуцін і ягоны кітайскі калега Цзы-янг Дзэ-мінг страцілі свой найбольшы аргумэнт супраць новай сыстэмы проціракетнай абароны ЗША, калі прэзыдэнт Злучаных Штатаў Біл Клінтан абвесьціў у мінулым тыдні, што гэтае пытаньне ён пакідае свайму пераемніку.

Найбольш суровым быў выступ прэм’ер-міністра з Антыкуы Лэстэра Бёрда. Ён выступіў супраць краінаў “Вялікай Сямёркі”, якія хочуць ізаляваць краіны, дзе можна схавацца ад падаткаў і адмыць грошы. Падаткі і адмываньне грошай, – сказаў Бёрд, – ня маюць нічога супольнага.

Выступ Аляксандара Лукашэнкі не патрапіў в артыкул Барбары Красэты і таму мы пагаворым пра яго асобна.

Свой пяціхвілінны выступ Лукашэнка пачаў з абвінавачаньняў у бок краінаў НАТА ў сувязі з ваеннай апэрацыяй у Югаславіі. Затым ён згадаў ролю ААН у справе станаўленьня больш справядлівага ўсясьветнага ладу, пасьля чаго абрынуўся з крытыкай на, як ён сказаў, “некаторыя сілы”, якія спрабуюць зрабіць ААН інструмэнтам дзеля дасягненьня сваіх мэтаў. Пры гэтым канкрэтна не было названа ніводнай краіны.

Лукашэнка ў часе выступу ў ААН стараўся пераканаць сяброў Арганізацыі не падыходзіць да некаторых краінаў паводле заходніх стандартаў. Паводле Лукашэнкі, узровень дэмакратыі і стан правоў чалавека нярэдка ўжываюцца ў якасьці падставаў для ўмяшаньня ва ўнутраныя справы іншых краінаў. Апрача гэтага Лукашэнка заявіў:

“Пакуль, на жаль, у міжнародных адносінах мы сутыкаемся з чым далей, тым часьцейшымі спробамі моцных гэтага сьвету прычасаць усіх адным грбеньчыкам, адмаўляючы пры гэтым нацыянальную і рэгіянальную спэцыфіку, якая не ўкладаецца ў звыклыя межы заходняга ладу жыцьця. Сумняюся, што пераважная бальшыня Аб’еднаных Нацыяў пагодзіцца з такой пыхлівасьцю. Беларусь няўхільна ідзе шляхам дэмакратычнага разьвіцьця. Але робім мы гэта і будзем рабіць, абапіраючыся на складзены цягам стагодзьдзў уласны ўклад жыцьця і нацыянальныя духовыя традыцыі. Менавіта таму мы здольныя спалучаць разьвіцьцё, дэмакратыю і стабільнасьць. У нас не было і няма ні міжканфэсійных, ні расавых канфліктаў. Нашыя межы – гэта межы міру і супрацоўніцтва”.

А закончыў свой выступ Аляксандар Лукашэнка сьцьвярджэньнем, што нягледзячы на неэфэктыўнасьць Рады Бясьпекі ААН у разьвязаньні лякальных канфліктаў, Аб’еднаныя нацыі – усё ж арганізацыя справядлівая і Беларускі народ унёс у ейнае станаўленьне больш чым важкі даробак.

Сяржук Сокалаў-Воюш, Прага

XS
SM
MD
LG