Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сёньня


У Менску распачынаецца фэст “Гонар беларускіх геяў” — адзіная акцыя такога кшталту на пасьлясавецкай прасторы. Але гарадзкія ўлады падкарэктавалі праграму фэсту — забаранілі правядзеньне параду геяў і лесьбіянак.

Маленькі пакойчык у Доме культуры Таварыства глухіх ня змог зьмясьціць усіх журналістаў, якія сабраліся на прэсавую канфэрэнцыю з нагоды правядзеньня ў Менску фэсту “Гонар беларускіх геяў”.

Арганізатары кажуць, што мэта плянуемых імпрэзаў — заклікаць грамадзтва быць цярпімым, бо кожны, незалежна ад яго арыентацыяў, мусіць пачуваць сябе годна і гэтак жа ставіцца да іншых. У цывілізаваным сьвеце гэта паказьнік дэмакратычнасьці грамадзтва. Але, падкрэсьлівае кіраўніца прэсавае слубжы фэсту Ціна Клыкоўская, на жаль, нашыя людзі яшчэ да гэтага не гатовыя.

(Клыкоўская: ) “З аднаго боку, гэта страх, які зьяўляецца адным з асноўных інстынктаў нашых людзей, тым больш людзей, якія за нешта адказваюць, а па-другое, гэта проста неадукаванасьць. Людзі палохаюцца слова “гей”, не задумваючыся, што геем можа быць іх сусед па пляцоўцы”.

Фэст праводзіцца ў трэці раз. Прэзыдэнт Беларускае Лігі свабоды сэксуальных мяншыняў “Лямбда”, якая выступае арганізатарам “Гонару беларускіх геяў”, Эдвард Тарлецкі зазначае, што сёлета ўвага да фэсту значна большая, чым у папярэднія гады. Так, на ўчорашнім праглядзе фільмаў, прысутнічала больш за дзьве сотні чалавек. Для параўнаньня — летась блізу дзесяці.

Фэст падае гей-культуру ў яе шматстайнасьці — паказ калекцыяў адзеньня, конкурс мужчынскага стрыптызу, баль-маскарад і канцэрты шэрагу беларускіх і замежных зорак.

Цэнтральнай падзеяй фэсту мусіў стаць парад геяў і лесьбіянак. Але Менскі гарадзкі выканаўчы камітэт забараніў гэтую акцыю — нібыта адпаведную заяўку арганізатары падалі запозна. У сваю чаргу Ціна Клыкоўская сьцьвярджае, што некалькі дзён Менскі гарадзкі выканкам наўмысна не рэгістраваў дакумэнт, каб затым мець падставу не дазволіць парад.

Роля ўлады забаронаю параду не абмежавалася. Чыноўнікі настойліва параілі сродкам масавай інфармацыі адмовіцца ад асьвятленьня фэсту. Працягвае Ціна Клыкоўская:

(Клыкоўская: ) “З самага пачатку ў нас былі дамоўленасьці з Альфа-радыё і Радыё Бі-Эй пра тое, што яны праводзяць пасьлядоўнае асьвятленьне нашага мерапрыемства. Праз некалькі тыдняў да пачатку фэстывалю Альфа-радыё і Радыё Бі-Эй пацьвердзілі, што яны не адмаўляюцца ад сваёй дамовы. Але ў апошні дзень лета нам патэлефанавалі інфармацыйныя дырэктары абодвух радыёстанцыяў і, спаслаўшыся на адміністрацыю прэзыдэнта (праўда без прозьвішча), паведамілі, што атрымалі забарону на асьвятленьне нашага мерапрыемства. Мы сутыкаліся з такім фактам, калі мы зьвярталіся і да дзяржаўных, і да недзяржаўных выданьняў, і нам казалі, што згодныя надрукаваць слаганы нашага фэстывалю пры ўмове, што мы адмовімся ад дэвізу фэстывалю “Гонар беларускіх геяў”. Яны казалі, што гей і гонар – гэта несумяшчальна. У выніку гэтага мы зрабілі выснову, што проста беларускім дзяржаўным выданьням неяк нязвыкла ўжываць слова “гонар”.

Напярэдані адкрыцьця фэсту праварадыкальныя групоўкі пагражалі гвалтоўна перашкодзіць геям правесьці іхныя акцыі. Эдвард Тарлецкі паведаміў сёньня, што адпаведныя захады, каб гарантаваць бясьпеку ўжо прынятыя. Акрамя ўласнай аховы ў месцах правядзеньня фэсту будуць знаходзіцца ўзмоцненыя нарады міліцыі.

Ягор Маёрчык, Менск

XS
SM
MD
LG