Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сёньня


Юлія Чыгір заяўляе пра фальсыфікацыю пратакола судовага працэсу над Міхаілам Чыгіром. Супрацоўнікі суда адмовіліся прадаставіць ёй аўдыёзапіс працэсу пасьля таго, як жонка экс-прам’ера знайшла разыходжаньні ў пратаколе са сваімі запісамі.

Жонка экс-прам’ера Юлія Чыгір мяркуе, што пратакол працэсу над Міхаілам Чыгіром сфальсыфікаваны. Фальсыфікацыяй яна называе праўкі, ўнесеныя супрацоўнікамі менскага гарадзкога суду ў паказаньні сьведкаў. Юлія Чыгір лічыць, што гэта не стылёвая праўка, а менавіта выключэньне зьвестак, якія даказваюць невінаватасьць Міхаіла Чыгіра.

Падазрэньні зьявіліся пасьля таго, як яна высьветліла, што пратакол адрозьніваецца ад ейных асабістых запісаў. Але спроба параўнаць пратакол з аўдыёстужкай, на якую запісваўся працэс, не атрымалася.

Юлія Чыгір тлумачыць, чаму:

(Чыгір: ) “Паколькі афіцыйна суд запісваўся на аўдыёкасэты, усе паказаньні, то я запрасіла выдаць мне магнітафонную стужку, на што мне сакратарка суду адказала, што яна зьнішчаная”.

У якасьці красамоўнага прыкладу фальсыфікацыі Юлія Чыгір называе тое, як сакратарка абыйшлася з прамовай адваката Чыгіра Аляксандра Пыльчанкі. Тэкст ягонай прамовы, які быў зьмешчаны на чатырох аркушах, ў пратаколе зьмясьціўся ў адзін аркуш, – сьцьвярджае абаронца экс-прам’ера. Другой мэтай зьнішчэньня аўдыёстужкі працэсу яна лічыць тое, што ў выніку стала магчымым падкарэктаваць яўныя недарэчнасьці ў паказаньнях супраць Чыгіра. Гэтак, былі падкарэктаваныя паказаньні экспэрта , які даказваў фінансавыя махінацыі былога прам’ера.

(Чыгір: ) “На сёньняшні дзень я скажу так. Там, напрыклад, паказаньні экспэрта, які ня мог размаўляць на ніякую тэму. Ён намае пытаньні ня мог наогул адказаць. Тут калі чытаеш, дык ён адказвае вельмі прытойна, нябачна таго, што ён зусім некампэтэнтны”.

Як вядома, пратакол працэсу над Чыгіром ўжо быў вернуты з Вярхоўнага суду у гарадзкі з той прычыны, што ў адвакатаў былі штучна абмежаваныя магчымасьці для азнаямленьня з гэтымі дакумэнтамі. Толькі калі яны ўнясуць свае заўвагі – магчымы перагляд справы касацыйнай інстанцыяй і канчатковы адказ на пытаньне, вінаваты былы прам’ер ў злачынстве ці не.

Юлія Чыгір заяўляе, што заўвагі абаронцаў да пратаколу вельмі сур’ёзныя, і калі Вярхоўны суд да іх паставіцца ўважліва, то перагляду справы не пазьбегнуць. Але як цяпер даказаць, што заўвагі слушныя? Юлія Чыгір падала ў гарадзкі суд скаргу, ў якой патрабуе афіцыйнага адказу на пытаньне, дзе знаходзіцца запіс працэсу і разьбіральніцтва, чаму ён зьнішчаны.

“Калі такое разьбіральніцтва ня будзе праведзенае, мы будзем зьвяртацца ў пракуратуру”, – заяўляе Юлія Чыгір.

Алег Грузьдзіловіч, Прага

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG