Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сёньня


Міжнародныя структуры, якія вынясуць вэрдыкт адносна парлямэнцкіх выбараў у Беларусі, будуць грунтавацца на дадзеных трох арганізацыяў: Бюро дэмакратычных ініцыятываў і правоў чалавека, Кансультацыйна-назіральнае групы АБСЭ ў Менску й Цэнтральнае Каардынацыйнае рады ў справе назіраньня за выбарамі. Такая інфармацыя прагучала сёньня з вуснаў кіраўніка КНГ АБСЭ амбасадара Віка пад час ягонае сустрэчы з экспэртамі мас-мэдыя ад палітычнай апазыцыі.

Ганс-Георг Вік патлумачыў, што апошняе слова ў прызнаньні або непрызнаньні парлямэнцкіх выбараў у “Палату прадстаўнікоў” дэмакратычнымі й свабоднымі будзе належаць тым арганізацыям, якія зьбіраліся 30 жніўня ў Вене на трэцюю тэхнічную канфэрэнцыю. Аднак у сваім рашэньні яны найперш будуць абапірацца на дадзеныя, што падрыхтуюць для іх два структурныя падразьдзяленьні АБСЭ — Бюро дэмакратычных ініцыятываў і правоў чалавека і Кансультацыйцна-назіральная група ў Менску, а таксама Цэнтральная Каардынацыйная рада ў справе назіраньня за выбарамі, якая аб’ядноўвае ўсіх унутраных беларускіх назіральнікаў.

Згодна са сваім статутам, Бюро дэмакратычных ініцыятываў і правоў чалавека мае права накіраваць сваіх прадстаўнікоў у краіну, дзе адбываюцца выбары, за месяц да першага дня галасаваньня. Такім чынам, тэарэтычна прадстаўнікі Бюро могуць ужо праз тыдзень зьявіцца ў Беларусі.

Аднак тэхнічныя экспэрты Бюро не бяруць на сябе функцыяў паўнамоцных міжнародных назіральнікаў. І на гэтым амбасадар Вік асабліва засяродзіў увагу, калі падкрэсьліў, што спэцыфічная сытуацыя ў Беларусі не дае магчымасьці вынесьці канчатковы вэрдыкт аб прызнаньні выбараў дэмакратычнымі толькі Бюро дэмакратычных ініцыятываў і правоў чалавека. Хаця ў краінах, дзе сытуацыя не такая складаная, як у Беларусі, права вэрдыкту аддаецца менавіта Бюро.

Амбасадар Вік пацікавіўся ў экспэртаў, калі — цяпер або пад час выбараў у Вярхоўны Савет 13 скліканьня — умовы выбарчае кампаніі былі больш дэмакратычнымі? Адказалі на пытаньне Вячаслаў Герасіменка і Ўладзімер Нісьцюк — людзі, якія пяць год таму былі абраныя дэпутатамі, і таму лепш за іншых могуць параўнаць сытуацыю ў 1995 і 2000 гадох. Абодва ўпэўненыя, што пяць год таму такога жорсткага прэсынгу з боку ўлады не было.

Уладзімер Глод, Менск

XS
SM
MD
LG