Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сёньня


Вялізныя штрафныя санкцыі, якія пагражалі незалежнай гарадзенскай газэце “Пагоня”, амаль цалкам скасаваны. Падаткавай інспэкцыяй прызнаны памылкі, зробленыя ёю пад час праверкі бугальтарскіх дакумэнтаў газэты.

Больш за 4 мільёны 700 тысячаў рублёў — такія штрафныя санкцыі былі выстаўлены “Пагоні” з боку падаткавай інспэкцыі Ленінскага раёну гораду. З гэтае сумы 4 мільёны 100 тысячаў былі налічаны, як прызналі падаткавікі, памылкова. Такім чынам, газэце давядзецца заплаціць зараз толькі крыху больш за 600 тысячаў рублёў штрафу. Гэта ў восем разоў меней ад першапачатковае сумы. Дарэчы, як высьветлілася, “Пагоняй” таксама было пераплочана падаткаў менавіта на 600 тысячаў.

А памылка з памерам штрафу паўстала наступным чынам. Праверкаю было выяўлена, што быццам бы летась ад продажу газэты было атрымана болей грошай, чым адлюстравана ў бугальтарскіх дакумэнтах. А значыцца, сума сплочаных падаткаў была заменшана. Высьветлілася, аднак, што пад час праверкі была дапушчана па-сутнасьці вучнёўская памылка. Не была ўзята пад увагу тая акалічнасьць, што сабекошт газэты вельмі высокі, што прадаваць яе даводзіцца фактычна ніжэй сабекошту, і рэальнага прыбытку “Пагоня” не дае.

Зьмяніць сытуацыю ўдалося дзякуючы таму, што галоўны рэдактар Мікола Маркевіч пракансультаваўся зь вельмі дасьведчанымі ў бугальтэрыі спэцыялістамі. І адбыўся па-сутнасьці беспрэцэдэнтны выпадак — падаткавая інспэкцыя прызнала сваю памылку. Мікола Маркевіч схільны лічыць, што быў зроблены сацыяльны заказ з боку ўладаў — фінансава задушыць апазыцыйнае выданьне. Аднак выкананы гэты заказ быў вельмі груба, — гаворыць ён.

Сяргей Астраўцоў, Горадня

XS
SM
MD
LG