Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сёньня


Прадстаўнікі аб’яднанай апазыцыі, якія выступаюць за байкот восеньскіх выбараў, распачалі акцыю ў справе збору подпісаў пад назваю “Народны рэфэрэндум”. Мэтаю гэтай агітацыйнае кампаніі ёсьць дэманстрацыя народнае падтрымкі чатырох вядомых патрабаваньняў міжнародных арганізацыяў да беларускіх уладаў дзеля правядзеньня ў краіне вольных і дэмакратычных выбараў.

Ініцыятыўныя групы зборшчыкаў подпісаў пойдуць па кватэрах грамадзянаў толькі сёньня ўвечары, але ўжо вядома, што акцыя пад назваю “Народны рэфэрэндум” будзе праходзіць на працягу трох месяцаў у 23 буйнейшых гарадох Беларусі. Сярод сяброў ініцыятыўных групаў прадстаўнікі Партыі БНФ, АГП, “Грамады” (Шушкевіча), часткова “Народнае Грамады” (Статкевіча), а таксама партыі жанчынаў “Надзея”.

Вось што паведаміў нашаму радыё перад пачаткам кампаніі яе каардынатар, намесьнік старшыні Партыі БНФ Віктар Івашкевіч:

(Івашкевіч: ) “Галоўная мэта – ўваход у дзьверы да людзей з растлумачэньнем пазыцыі аб’яднанай апазыцыі, неабходная растлумачальная работа. Гэта першае. Другое – непасрэдна сам збор подпісаў, які павінен быў паўплываць на рашэньне міжнародных структураў аб прызнаньні ці непрызнаньні гэтых выбараў дэмакратычнымі. Трэцяе – стварэньне структуры, якая б хутка сабрала подпісы ў наступным годзе, клаі спатрэбіцца вызначаць кандыдата ў прэзыдэнты”.

(Карэспандэнт: ) “Акцыя байкоту яшчэ афіцыйна не пачалася, але ўжо ёсьць першыя ахвяры гэтай кампаніі. Я маю на ўвазе затрыманьне міліцыяй менскага студэнта Аляксандра Кадукова. Ці зьбіраецца апазыцыя неяк прадухіляць падобныя сытуацыі?”

(Івашкевіч: ) “Будзе яшчэ пададзена на перасу, дапамагае гэтым людзям праваабарончы цэнтар “Вясна”. Калі суд беспаваротна зацьвердзіць гэты штраф, то праваабарончы цэнтар “Вясна” яго аплоціць. Так што самі людзі не пацерпяць. Зь іншага боку, падчас нарады ў Вене прадстаўнікі Беларусі казалі, што няма забароны на байкот, і іхныя сьцьверджаньні, што яны ня будуць перашкаджаць акцыі байкоту, дапамагло таму, што ўсё ж у нейкім абмежаваным выглядзе тэхнічныя назіральнікі прыяжджаюць. І калі зараз будуць факты, што людзі зазнаюць рэпрэсіі за тое, што выказваюць сваю думку наконт выбараў, гэта паспрыяе таум, што выбары ня будуць прызнаныя дэмакратычнымі”.

Гэта быў каардынатар акцыі “Народны рэфэрэндум” Віктар Івашкевіч.

На пачатак кампаніі актыўнага байкоту восеньскіх выбараў адрэагавалі і ўлады. Памочнік Аляксандра Лукашэнкі Сяргей Посахаў склікаў сёньня прэсавую канфэрэнцыю, у часе якой даказваў, што байкот выбараў не адбудзецца.

(голас Посахава): “Для нас гэта дастаткова дробная нагода – байкот людзей, якія называюць сябе апазыцыяй, такога аграмаднага працэсу, які ўжо ўступае ў завяршальную стадыю – у выбары. Байкот ня ўдасца, ён сьмешны і ў палітычным, і ў маральным, і ў прававым сэнсе. Гэта агонія”.

На думку Посахава, народ хоча ўдзельнічаць у выбарах, і людзі ўжо выказаліся за гэты ўдзел, паставіўшы свае подпісы за вылучэньне каля васьмісот прэтэндэнтаў на дэпутацкі мандат. Паводле Посахава, у выбарах фактычна ўдзельнічае бальшыня партыяў, за выключэньнем БНФ і радыкальнае часткі АГП.

Сяргею Посахаву не падабаецца й дзейнасьць нашай радыёстанцыі, якая быццам бы не дае чыноўнікам выказваць свае думкі. Ён з гонарам паведаміў расейскім журналістам, што Беларусь, у адрозьненьне ад Расеі, не дазваляе радыё Свабода трансьляваць свае праграмы на дзяржаўных частотах.

Посахаў таксама заявіў, што спробы апазыцыі хадзіць па кватэрах і агітаваць за байкот выбараў ёсьць самаўпраўствам і беззаконьнем. Праўда, пры гэтым ён дадаў, што ніякіх рэпрэсіяў да апазыцыйных зборшчыкаў подпісаў без адпаведных заяваў грамадзянаў, да якіх тыя прыйдуць дадому, скарыстоўвацца ня будзе.

А тым часам Міністэрства юстыцыі сёньня выдала адмысловую заяву, у якой гаворыцца, што дзеяньні апазыцыі, накіраваныя на зрыў выбараў шляхам гвалту, подкупу, падману ці пагрозаў, улады будуць перасьледаваць паводле закону.

Альгерд Невяроўскі, Менск

XS
SM
MD
LG