Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сёньня


22 сям’і, што пражываюць у доме №50 “А” па вуліцы Гагарына ў Барысаве, накіравалі калектыўны зварот на імя Аляксандра Лукашэнкі і кіраўніцтва гарадзкога выканкаму. Яны паведамляюць высокаму начальству, што адмаўляюцца ўносіць у банк плату за карыстаньне камунальнымі паслугамі да таго часу , пакуль улады за свой кошт не адрамантуюць дом, які прыйшоў у нягодны стан. З гэтае прычыны яны вырашылі байкатаваць выбары ў гэтак званую “Палату прадстаўнікоў”.

Гэты дом быў прыняты ў эксплюатацыю гарадзкой выканкамаўскай камісіяй дзесяць год таму з недаробкамі — зь перакошанымі сьценавымі панэлямі, якія разыйшліся шмат дзе па шву, скразнымі шчылінамі ў саміх плітах, з кепска залітым гідраізаляцыяй дахам і гэтак далей. У большасьці кватэраў няспынна захоўваецца цьвіль, гніе мэбля, хварэюць старыя і дзеці.

Мясцовыя ўлады ігнаруюць патрабаваньні жыхароў выправіць будаўнічыя недаробкі. Пад час выбарчых кампаніяў адрамантаваць дом абяцалі жыхарам і кандыдаты ў дэпутаты Саветаў розных узроўняў. Але выбары міналі, а тыя, хто трапляў у ворганы прадстаўнічае ды заканадаўчае ўлады, забываліся на ўласныя абяцанкі.

Таму 22 сям’і, што сабраліся ўчора ўвечары на сваю раду, прыйшлі да высновы: за камунальныя паслугі яны ня будуць плаціць да таго часу, пакуль гарадзкія ўлады і асабіста Аляксандар Лукашэнка не патурбуюцца пра капітальны рамонт дому або перасяленьне людзей у іншыя кватэры за дзяржаўны кошт. Ня пойдуць яны й на выбарчы ўчастак 15 кастрычніка, бо згубілі веру ў Саветы. Гэта яны тлумачылі й зборшчыкам подпісаў за кандыдатаў у дэпутаты, што апошнім часам іх наведвалі.

Гаворыць Галіна Шышкіна, гаспадыня кватэры №70:

“Адваліўся кавалак бэтону. Аварыйная кварціра… Я не пайду галасаваць. І за каго галасаваць? …Кацегарычаскі адказываюся!”

З Галінай Шышкінай пагаджаецца Ларыса Грэбнева з кватэры №1:

“А дзе ж праў знайсьці чалавеку ў гэтай рэспубліцы, за каго галасаваць? За …ачараднога жуліка? …Трэшчыны ў сьценах. І сьнег туды прабіваецца. Замярзае сьцяна ўся, таму што дом аварыйны”.

Сёньня ўраніцу зварот быў перададзены ў адміністрацыю Аляксандра Лукашэнкі і ў Барысаўскі гарадзкі выканкам.

Алесь Мікалайчанка, Барысаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG