Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сёньня


Закончылася вылучэньне кандыдатаў у дэпутаты ў гэтак званую “Палату прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу”. Цяпер праводзіцца працэдура праверкі пададзеных дакумэнтаў, і 15 верасьня стануць вядомыя прозьвішчы зарэгістраваных кандыдатаў.

769 чалавек на сёньняшні момант можна назваць, так бы мовіць, прэтэндэнтамі на званьне кандыдата ў дэпутаты. Адразу нагадаем, што ў “Палаце прадстаўнікоў” 110 крэслаў. Аднак колькасьць пададзеных дакумэнтаў на рэгістрацыю кандыдатам істотна большая. Рэч у тым, што некаторыя прэтэндэнты на дэпутацкі мандат дзеля гарантыі вылучылі сабе адразу некалькімі спосабамі — ад партыяў, ад працоўных калектываў і шляхам збору подпісаў. Так што ўсяго ў выбарчыя камісіі паступілі 972 заяўкі на права стаць кандыдатам у дэпутаты.

Сярод іх — 306 вылучаныя ад партыяў, 308 — ад працоўных калектываў, і 334 — шляхам збору подпісаў. Сярод партыяў, як і варта было чакаць, найбольш актыўна выявілі сябе абедьзве камуністычныя партыі — Чыкіна й Калякіна, а таксама лібэрал-дэмакраты Гайдукевіча, якія вылучылі кандыдатаў у 109 са 110 акругаў. Усяго вылучылі сваіх кандыдатаў, а значыць, вырашылі браць удзел у гэтых выбарах 9 партыяў — роўна палова з 18 зарэгістраваных на сёньня ў Беларусі.

Што да вылучэнцаў шляхам збору подпісаў, дык тут, як паведаміла сёньня на прэсавай канфэрэнцыі старшыня Цэнтральнае выбарчае камісіі Лідзія Ярмошына, чакаецца даволі значная лічба адсеяных у выніку спраўджаньня. Многія падпісныя лісты складзеныя з парушэньнямі заканадаўства, так што колькасьць удзельнікаў выбарчае кампаніі да 15 верасьня істотна зьменшыцца.

Збор подпісаў увогуле аказаўся самай складанай формай вылучэньня — усяго было створана 477 ініцыятыўных групаў, а сабраць тысячу подпісаў выбаршчыкаў здолелі толькі 334 зь іх. Напрыклад, так і не дала рады гэтай задачы ініцыятыўная група Леаніда Сініцына — колішняга першага кіраўніка адміністрацыі Лукашэнкі. Астатнія вядомыя палітыкі, якія вырашылі браць удзел у выбарах, пакуль прайшлі гэты этап кампаніі.

Даволі традыцыйным застаецца рэгіянальны аспэкт палітычнай актыўнасьці. Найбольшая колькасьць кандыдатаў у Менску, дзе на 18 акругаў прэтэндуюць пакуль 160 прэтэндэнтаў — звыш 9 на кожны дэпутацкі мандат. А ў Магілеўскай і Гомельскай абласьцях у сярэднім на акругу толькі па 6 прэтэндэнтаў.

Віталь Цыганкоў, Менск

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG