Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сёньня


Вось ужо некалькі дзён, пачынаючы з самага ранку, на выездах зь Менску выстройваюцца вялізныя натоўпы тых, хто жадае папрацаваць на калгасных палетках. Такім чынам, спадзеючыся выключна на ўласныя сілы, значная частка менчукоў спадзяецца выканаць асабістую “харчовую праграму”.

Бальшыня жыхароў Беларусі даволі песымістычна ўспрыняла абяцаньне Аляксандра Лукашэнкі падвысіць сярэдні заробак да ста даляраў. Неаднойчы падманутыя ўладамі, напярэдадні халадоў людзі ўласнымі сіламі імкнуцца назапасіць самае неабходнае. Бульба, з прычыны сваёй таннасьці, займае ў гэтым сьпісе пачэснае месца.

Як фармуюцца працоўныя каманды, распавядае кіраўнік управы расьлінаводзтва Міністэрства сельскае гаспадаркі Ўладзімер Сьцяпанаў:

“Усё вырашаецца на месцах, паводле пагадненьняў з калгасамі. Раённыя выканкамы дасылаюць заяўкі ў горад: колькі трэба людзей, якія ўмовы, чым будуць разьлічвацца. У асноўным жадаюць браць прадукцыяй. Працуюць таксама й рабочыя з прадпрыемстваў. Што тычыцца цэнтралізаванае “засылкі”, дык яе няма. Адзінае — праз Цэнтры занятасьці прапаноўваецца сэзонная работа. Гэта значыць, раяць безпрацоўным хоць часова папрацаваць”.

Хто ж складае асноўны кантынгэнт гарадзкога дэсанту на вёску? Невялікае імправізаванае апытаньне выявіла, што найперш гэта людзі з даволі сьціплымі заробкамі. У бальшыні ўжо няма сваякоў на вёсцы або тыя дапамагаюць некаму іншаму. Астатнім аб’ектыўна не хапае ўраджаю, сабранага на лецішчы. У некаторых, дарэчы, няма ніякіх зямельных дзялянак.

Сустракаюцца і зусім маладыя, для якіх, здавалася б, нудная праца на полі, тым больш з уласнай ахвоты, — нешта анамальнае. Але вось што кажа студэнт філфаку БДУ Зьміцер Шарай:

(Шарай: ) “Я зараз вучуся, паступіў на філфак. Мае родныя жывуць у горадзе. Стыпендыя вельмі малая, і таму гэта выгадна для мяне – езьдзіць зараз у саўгас. Таму што калі там працуеш, там выдаюць ежу, а гэта значыць, што я буду заўсёды забясьпечаны”.

Незалежна ад веку, усе сыходзяцца на адной думцы: некалькі мяхоў бульбы, прынамсі, не дадуць памерці ад голаду. Тым разам хтосьці дадаў: з той умоваю, што не замерзьнем.

Трэба адзначыць, што прыцягненьне сталічных працаўнікоў выклікана зусім не альтруістычнымі памкненьнямі кіраўнікоў гаспадарак. Насуперак усясьветнаму тэхнічнаму прагрэсу, цягам часу аўтаматызаваныя працэсы на вёсцы сышлі на нуль. Дайшлі да таго, што нават жыта ў некаторых калгасах пачалі жаць сярпамі. Капаньне ж у баразьне (гэткі гістарычны рытуал) дагэтуль выклікае ў замежнікаў непадробнае зьдзіўленьне.

Восеньская эпапея сэзону-2000 таксама цалкам залежыць ад наяўнасьці жывое сілы. Гэта традыцыйна школьнікі, студэнты, салдаты і, нарэшце, самая неразбэшчаная сіла — зацікаўлены ў добрым ураджаі гарадзкі спажывец.

Як паведамілі мне ў Міністэрстве сельскае гаспадаркі, адмысловы маршрут “горад–вёска” будзе дзейнічаць да сярэдзіны кастрычніка.

Ігар Карней, Менск

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG