Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сёньня


Кансэрватыўна-Хрысьціянская партыя БНФ зь 1 па 3 верасьня праводзіла маштабную акцыю па ўсёй Беларусі — адкрыты збор подпісаў у абарону незалежнасьці Беларусі й супраць саюзу з Расеяй. Пад час акцыі міліцыянты затрымалі некалькіх сяброў партыі.

Былі затрыманая намесьнік старшыні Кансэрватыўна-Хрысьціянскае партыі БНФ Сяргей Папкоў і сябра партыі Ўладзімер Юхо. Спадара Юхо затрымалі нават двойчы — 1 й 2 верасьня. Пра ягонае першае затрыманьне нашаму радыё распавёў прэсавы сакратар КХП БНФ Валеры Буйвал.

(Буйвал: ) “1 верасьня прыкладна а 17 гадзіне да яго падыйшоў чалавек у цывільным і сказаў, што ён зьяўляецца начальнікам Першамайскага РАУС і ўсё запрашаў яго прысесьці ў сваю машыну. Але спадар Юхо адмовіўся. Тады той па слухаўцы выклікаў міліцыянтаў і загадаў ім везьці яго ў Першамайскі РАУС. Таксама забралі ў РАУС жанчыну, якая якраз падпісвала зварот у абарону незалежнасьці Беларусі. Трымалі іх там тры гадзіны, склалі пратакол і інкрымінавалі яму арганізацыю пікету паводле артыкулу 167 прым”.

Гэта быў Валеры Буйвал.

Суд над Уладзімерам Юхо прызначаны на аўторак. Але, як нам стала вядома, позву ў суд спадар Юхо пакуль не атрымаў.

Другое затрыманьне сябраў Кансэрватыўна-Хрысьціянскае партыі БНФ пад час збору подпісаў адбылося ў мінулую суботу. На праспэкце Скарыны ля будынку філярмоніі былі затрыманыя намесьнік старшыні партыі Сяргей Папкоў і зноў жа Ўладзімер Юхо. Каля гадзіны іх трымалі ў Савецкім РАУСе, а пасьля яны зноў вярнуліся на пляц і працягвалі збор подпісаў.

Паводле папярэдніх зьвестак, зь 1 па 3 верасьня сябрамі партыі было сабрана ва ўсёй Беларусі больш за 3 тысячы подпісаў. Сярод іх ёсьць і подпісы грамадзянаў Расеі.

Як нам паведамілі ў прэсавай службе КХП БНФ, увогуле партыя сабрала ўжо больш за 30 тысячаў подпісаў. Яны былі перададзеныя ў ААН, АБСЭ і амбасады краінаў-гарантаў незалежнасьці Беларусі. Важнасьць гэтай акцыі, падкрэсьлівае Валеры Буйвал, яшчэ і ў тым, што яна праводзілася напярэдадні “Саміту Тысячагодзьдзя” Арганізацыі Аб’яднаных Нацыяў, які мае адбыцца ў Нью-Ёрку з 6 па 8 верасьня.

Ганна Соусь, Менск

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG