Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сёньня


Вярхоўны Суд Беларусі прызнаў неправамоцнымі ўсе прэтэнзіі Міністэрства юстыцыі да Беларускага аб’яднаньня маладых палітыкаў і забавязаў чыноўнікаў неадкладна зарэгістраваць гэтую грамадзкую арганізацыю.

Паўгодавая судовая цяжба паміж Беларускім аб’яднаньнем маладых палітыкаў і Міністэрствам юстыцыі завершылася паразаю чыноўнікаў міністэрства. Сёньня Вярхоўны суд прыняў рашэньне, згодна зь якім усе прэтэнзіі Міністэрства юстыцыі да аб’яднаньня маладых палітыкаў абвяшчаюцца неправамоцнымі. Суд забавязаў чыноўнікаў неадкладна перарэгістраваць аб’яднаньне, што трэба было зрабіць яшчэ паўгода таму, калі маладыя палітыкі здалі на перарэгістрацыю неабходныя дакумэнты.

Кіраўнік аб’яднаньня Аляксандар Цынкевіч, камэнтуючы рашэньне суду, сказаў, што яно ня стала для яго нечаканым.

(Цынкевіч: ) “Мы былі ўпэўненыя ў нашай перамозе, што і паказаў судовы працэс. Пракурор падтрымаў закон, і суду было б цяжка гаварыць, што Беларускае аб’яднаньне маладых палітыкаў нешта парушыла, бо няма ніякіх падставаў для гэтага”.

Між тым, назіральнікі сёньня, напярэдадні агалошваньня вэрдыкту зусім не былі настроеныя гэтак жа аптымістычна. Усе ведаюць непрадказальны нораў беларускіх чыноўнікаў, асабліва зь Міністэрства юстыцыі, і тое, што ўлады, у тым ліку судовыя, звычайна прыслухоўваюцца больш да іх. Ва ўсялякім разе, судзьдзі на розных узроўнях двойчы пацьвярджалі тыя аргумэнты на карысьць адмовы ў перарэгістрацыі, якімі апэлявалі чыноўнікі зь Міністэрства юстыцыі.

Нагадаю, тыя казалі, што мэты аб’яднаньня не адпавядаюць назве, што нельга запісваць у статут мэту ўзаемадзеяньня зь дзяржаўнымі ворганамі, бо гэта будзе ўмяшаньнем, нельга з-за той жа прычыны займацца экспэртнымі ацэнкамі дзяржаўных праграмаў і гэтак далей.

Вярхоўны суд сёньня вырашыў, што гэтыя ды іншыя аргумэнты ёсьць ня больш як фантазіі чыноўнікаў. Судзьдзя Ганна Сакалоўская ў сваім рашэньні апэлявала не да прыдуманых тэзаў, а да пэўных нормаў Канстытуцыі, згодна зь якімі чалавек і ягоныя правы абвяшчаюцца галоўнай каштоўнасьцю.

Аляксандар Цынкевіч, вітаючы рашэньне суду, зазначыў між тым, што яно зусім не азначае сапраўднае зьмены стаўленьня дзяржавы да апазыцыйных палітычных і грамадзкіх аб’яднаньняў. “Міністэрства юстыцыі да апошняга дня, нават калі ў судзе было даказана, што ён памыляецца, не зьмяніў сваю пазыцыю. Таму, я лічу, што нас перасьледвалі не з-за нейкае памылкі чыноўнікаў, а мэтанакіравана”, — зазначыў Цынкевіч. Карані гэтае пазыцыі ён бачыць у наступным:

(Цынкевіч: ) “Уладам непатрэбныя людзі, якія займаюць актыўную жыцьцёвую пазыцыю, людзі, адказныя за свае ўчынкі, якія імкнуцца ўмацаваць незалежнасьць дзяржавы і стварыць грамадзкую супольнасьць у Беларусі”.

Гэтак лічыць адзін зь лідэраў Аб’яднаньня маладых палітыкаў Аляксандар Цынкевіч.

А прадстаўнік Міністэрства юстыцыі Аляксандар Харытон камэнтаваць рашэньне Вярхоўнага суду адмовіўся.

Алег Грузьдзіловіч, Менск

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG