Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сёньня


(эфір 2 верасьня)
Навіны культуры мінулага тыдня.

У Міжнародным адукацыйным цэнтры, што ў мікрараёне Паўднёвы Захад, праходзіць выстава польскага фотамастака Эразма Цёлка “Нараджэньне Салідарнасьці”. 70 чорна-белых здымкаў апавядаюць пра забастоўку гданьскіх рабочых, якая дала Польшчы лідэра нацыі — Нобэлеўскага ляўрэата й прэзыдэнта Леха Валэнсу.

На студыі “Aria Records” выйшаў першы ў Беларусі паўнавартасны мультымэдыйны кампакт-дыск “Весначуха” з запісамі фольк-рокавага гурту “UR’IA”, які адгалінаваўся ад гурту “Палац”. Кампутарны дыск зьмяшчае здымкі канцэртаў і фальклёрных экспэдыцыяў, відэакліпы, інтэрвію з музыкамі, а таксама галярэю твораў мастака Язэпа Драздовіча, графіка якога аздабляе вокладку дыска. Тэксты песень можна пачытаць у перакладзе ў нямецкую мову.

У музэі Акадэміі Мастацтва адчынілася выстава маладых мастакоў Нямеччыны. Апроч традыцыйных жанраў малюнку й фатаграфіі, на ёй прадстаўленыя і новыя формы сучаснага мастацтва — інсталяцыя і папяровая скульптура. Сярод экспанатаў выставы, якая мае назоў “Другі позірк”, — партрэт Гэльмута Коля зь пірацкай павязкаю на воку.

Менская духовая сэмінарыя, што дзеіць пры Жыровіцкім манастыры, запрашае да супрацоўніцтва літаратараў, зацікаўленых у адраджэньні беларускае праваслаўнае літаратуры. У сэмінарыі рыхтуецца да выданьня дзьвюхмоўны часопіс, які будзе распаўсюджвацца праз праваслаўныя прыходы. Рэдагаваць часопіс будзе, верагодна, вядомы паэт і паслушнік Жыровіцкага манастыра Алег Бембель.

У Тэатры Юнага Гледача ў лістападзе адчыніцца другая глядзельная заля. У гэтым памяшканьні раней ладзіліся навагоднія “елкі”, а сёлета ў траўні праходзіў фэстываль пэрформансаў “Менская вясна”. Пасьля рэканструкцыі заля, разьлічаная на 100 месцаў, атрымае назоў “Экспэрымэнтальная малая сцэна” і будзе скарыстоўвацца, пераважна, для пастаноўкі “дарослых” відовішчаў.

У сталіцы пачаўся фэстываль беларускае фатаграфіі “Сутокі”, прысьвечаны 40-гадоваму юбілею фотаклюбу “Менск”. Выставы сябраў клюбу праходзяць у Музэю беларускае літаратуры, у Нацыянальнай бібліятэцы і ў Нацыянальным музэю гісторыі і культуры, дзе экспануюцца краявіды Менску за царскага й савецкага часу.

У Міністэрстве замежных справаў Беларусі адчынілася выстава аднаго зь лепшых жывапісцаў нашага часу Леаніда Шчамялёва. Міністар замежных справаў Урал Латыпаў на вэрнісажы выказаў надзею, што новая мастацкая галярэя, якую заснавала ягонае міністэрства, хай сабе крыху ўшляхетніць вобраз рэжыму ў вачох апазыцыйнае інтэлігенцыі.

Скарынаўскі цэнтар падрыхтаваў да друку кнігу “Ўладзімер Караткевіч і ягоная творчасьць у эўрапейскім кантэксьце”, але мае сродкі на выданьне толькі 100 асобнікаў. Кніга, якую напісалі навукоўцы зь 15 краінаў, магла бы спатрэбіцца кожнай школе і кожнаму патрыёту. Рэдактар зборніка Адам Мальдзіс просіць дасылаць на адрэсу выдавецтва “Беларускі кнігазбор” замовы на кнігу пра Караткевіча, бо йнакш павялічыць яе наклад немагчыма. Кніга мае выйсьці празь месяц і будзе каштаваць каля тысячы рублёў.

Юрась Барысевіч, Менск

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG