Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сёньня


(эфір 31 жніўня)
Удзень адразу пасьля вяртаньня ў Менск сябры дэлегацыі беларускай апазыцыі — Анатоль Лябедзька й Вінцук Вячорка — правялі прэсавую канферэнцыю па выніках венскае тэхнічнае канфэрэнцыі. “Міжнароднага назіраньня за выбарамі ў “Палату прадстаўнікоў” ня будзе”, — сьцьвярджаюць апазыцыянэры.

Невялікі пакойчык штаб-кватэры АГП ледзь зьмясьціў усіх журналістаў як незалежных, гэтак і дзяржаўных выданьняў, якія прыйшлі на прэсавую канфэрэнцыю Анатоля Лябедзькі й Вінцука Вячоркі. Лідэр АГП, намесьнік старшыні Вярхоўнага Савету спадар Лябедзька адразу ж вызначыў галоўны вынік венскае сустрэчы:

(Лябедзька: ) “Галоўны вынік – міжнароднага назіральніцтва за так званымі выбарамі ў Палату прадстаўнікоў ня будзе. Для нас гэта станоўчы вынік. Калі падсумоўваць, мы гаворым, што 80 на 20. Мы лічым, што мы ў Вене атрымалі 80 адсоткаў, а Лукашэнка атрымаў 20”.

Што ж не задаволіла прадстаўнікоў апазыцыі ў рашэньнях венскае канферэнцыі, у чым тыя 20 адсоткаў, якія пайшлі на карысьць уладаў? Па-першае, гэта пункт 2 заключэньняў і рэкамэндацыяў, дзе адзначана, што ў Беларусі дасягнуты прагрэс у чатырох асноўных кірунках, датычных арганізацыі міжнародных выбараў. У той жа час, як адзначыў кіраўнік БНФ Вінцук Вячорка, наступны пункт перакрэсьлівае гэтае сьцьвярджэньне:

(Вячорка: ) “Разам з тым, у пункце трэцім варункі правядзеньня выбараў ацэньваюцца як незадавальняючыя, што паводле нашай з вамі школьнай сыстэмы ацэнкі азначае двойку. Ёсьць пэўная нутраная супярэчнасьць у гэтым дакумэнце, таму не зьдзіўляйцеся, калі вы яшчэ ў ім знойдзеце супярэчнасьці. Усё гэта вынік ліхаманкавага пошуку кампрамісу паміж сапраўды палярнымі падыходамі”.

Што ж тычыцца самага важнага пытаньня — пра міжнародных назіральнікаў, дык розныя бакі пачынаюць ужо інтэрпрэтаваць яго кардынальна процілеглым чынам. Лідэр БНФ упэўнены, што ўжо сёньня беларуская афіцыйная прапаганда пачне расьпісваць свой трыюмф у дзень нараджэньня Лукашэнкі. Вячорка нават прывёў па-ангельску цытату з прынятага ў Вене дакумэнта дзеля доказу, што размова ў ім ня йдзе пра міжнародных назіральнікаў. Размова йдзе пра некалькі чалавек тэхнічнае місіі, якія рэгулярна прыяжджаюць у Беларусь праз кожныя некалькі месяцаў. Тлумачыць Анатоль Лябедзька:

(Лябедзька: ) “Фармат, які прыняты, – гэта тэхнічная місія, гэта некалькі чалавек, якія прыедуць у Беларусь. І сам прыезд групы Севярына, які мажлівы, натуральна, не азначае назіраньня – тры асобы ня могуць арганізаваць назіраньня, а па-другое, гэта доўгатэрміновыя місіі, якія створаныя да таго часу, пакуль дэмакратыя ня прыйдзе на Беларусь. Я б адзначыў, што ў дзень выбараў, прадстаўнікі тэхнічнай місіі ня будуць знаходзіцца ў Беларусі”.

У гэтым кантэксьце варта зьвярнуць увагу на вырашальны 8 пункт рэзалюцыі, дзе заяўлена: “прысутнасьць у Беларусі тэхнічнае місіі ў сувязі з парлямэнцкімі выбарамі не зьяўляецца актам міжнароднага прызнаньня дэмакратычнага характару й выніку выбарчага працэсу”. І ня менш істотным уяўляецца 10 пункт рэзалюцыі, дзе сказана, што гэтыя рэкамэндацыі могуць быць перагледжаныя ў выпадку паляпшэньня або пагаршэньня сытуацыі ў Беларусі.

Пасьля заканчэньня прэсавае канфэрэнцыі я папрасіў пракамэнтаваць гэтую тэзу Вінцука Вячорку…

(Вячорка: ) “Пэўны элемэнт падвешаньня сытуацыі (яшчэ аднаго кітайскага 1001-га папярэджаньня) у фінальным дакумэнце ёсьць. Гэта пункт дзясяты. Рэкамэндацыі могуць быць перагледжаныя ў выпадку пагаршэньня ці паляпшэньня сытуацыі ў Беларусі. Значыць, гэта ёсьць з аднаго боку сыгнал Лукашэнку, што мы, маўляў, перад табой дзьвераў не зачыняем. Будзеш харошы, і будзе палата ўкамплектаваная нейкімі там іншадумцамі, глядзіш і прызнаем. З другога боку гэта ёсьць пасыл нам. Калі мы будзем сапраўды эфэктыўна дзейнічаць, калі эфэктыўна і скансалідавана будзе апазыцыя працаваць, то будзе рэальнай магчымасьць непрызнаньня. Я разглядаю гэта, як стымуляваньне”.

Віталь Цыганкоў, Менск

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG